viasna on patreon

Следчы камітэт праверыць правамернасць дзеянняў міліцыянтаў па скарзе Святланы Вяргейчык

2012 2012-02-09T13:12:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sliedchy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ці панясуць крымінальную адказнасць за перавышэнне службовых паўнамоцтваў супрацоўнікі Кастрычніцкага УУС Менску? Пенсіянерка Святлана Дзмітрыеўна неадступна патрабуе пакарання для міліцыянтаў, ад рук якіх яна пацярпела – не толькі маральна, але і фізічна.
 
Яшчэ ў жніўні пракуратура Кастрычніцкага раёна адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, аднак праз паўгода у спн. Вяргейчык з’явілася надзея. Напачатку лютага яна атрымала адказ з гарадской пракуратуры на скаргу, падрыхтаваную юрыстамі ПЦ “Вясна”, у якой начальнік аддзела Я.А. Дарожка паведаміў ёй пра адмену ранейшай пастановы, з якой жанчына не пагаджалася:

“Устаноўлена, што пракуратурай Кастрычніцкага раёна г. Менска па Вашым звароце ад 15.07.2011 пра неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных справаў праведзена праверка у парадку арт. 174 КПК Рэспублікі Беларусь, па выніках якой 12.08.2011 вынесена пастанова пра адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Указаная пастанова адмененая 02.02.2012 пракуратурай горада Менска ў сувязі з непаўнатой праведзенай праверкі. Матэрыялы накіраваныя начальніку Кастрычніцкага (г.Менска) раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь для арганізацыі правядзення дадатковай праверкі.
Пра вынікі дадатковай праверкі Вы будзеце апавешчаныя выканаўцам”.

Нагадаем, што Святлана Вяргейчык дамагаецца пакарання для супрацоўнікаў Кастрычніцкага УУС, якія падчас затрымання яе на плошчы каля ДК Чыгуначнікаў 6 ліпеня 2011 году нанеслі ёй пабоі. Жанчына мае заключэнне з 9-ай гарадской клінічнай бальніцы, куды яна была дастаўлена брыгадай хуткай дапамогі з УУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.

Падставаў для затрымання Святланы Дзмітрыеўны ў супрацоўнікаў міліцыі ўвогуле не было. “Ніякіх дзеянняў, якія б пацягнулі за сабой адміністратыўную ці нейкую іншую адказнасць, спн. Вяргейчык не здзяйсняла. Гэта, дарэчы, бачна і ў пастанове пра адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы – там паказанні міліцыянтаў адрозніваюцца ад таго, што яны пісалі ў пратаколах, там яны ўжо не кажуць, што Вяргейчык нецэнзурна лаялася. А напачатку яны абвінавачвалі яе менавіта ў гэтым”, - тлумачыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які дапамагаў пацярпелай рыхтаваць скаргі.

Тым не менш, пракуратура Кастрычніцкага раёна не знайшла падставаў для прыцягненне міліцыянтаў да крымінальнай адказнасці, хоць і прызнала факт парушэння імі патрабаванняў ПВКаАП Рэспублікі Беларусь і Закону “Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь”.

Чытайце таксама на гэтую тэму:

Менскія пенсіянеры патрабуюць пакарання для міліцыянтаў, якія іх збівалі

Пракуратура зафіксавала парушэнне закону пры затрыманні Святланы Вяргейчык

Справу збітай міліцыянтамі пенсіянеркі-“хуліганкі” Менгарсуд накіраваў на новы разгляд

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства