З МДЛУ адлічылі трох удзельнікаў акцый салідарнасьці
6 лютага з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (МДЛУ) адлічылі актывістаў “Еўрапейскай Беларусі” Аляксандра Салдаценку, Аляксандра Вялітчанку і Мікіту Каваленку, якія раней былі асуджаныя да адміністратыўных арыштаў за ўдзел у акцыях салідарнасьці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі.
Аляксандр Салдаценка быў асуджаны на 7 сутак арышту за ўдзел у акцыі 25 кастрычніка 2011 года. Пасьля затрыманьня на акцыі 26 кастрычніка 2011 году Аляксандр Вялітчанка атрымаў 15 сутак арышту, а Мікіта Каваленка – 10 сутак, а 8 студзеня яшчэ 5 сутак арышту за ўдзел у новай акцыі.
Аляксандра Вялітчанку затрымлівалі за ўдзел у акцыі 2 жніўня 2011 года каля будынку Горацкай калоніі, у якой тады адбываў пакараньне палітвязень Зьміцер Дашкевіч. Тады Аляксандра Вялітчанку пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічыняў.
У лістападзе 2011 года рэктар МДЛУ Наталля Баранава вынесла студэнтам “афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці супрацьпраўных паводзінаў” (копія - на здымку ніжэй), перавысіўшы тым самым свае службовыя паўнамоцтвы. З гэтай нагоды актывісты падрыхтавалі скаргі ў пракуратуру і Міністэрства адукацыі.