viasna on patreon

Гомельскія апазіцыянеры звярнуліся ў Канстытуцыйны суд

2012 2012-01-23T14:29:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kanstytucyjny-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Уладзімір Кацора і Уладзімір Няпомняшчых 23 студзеня звярнуліся да старшыні Канстытуцыйнага суду. Яны просяць даць ацэнку адпаведнасці нормаў артыкулу 8.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях артыкулу 25 Канстытуцыі і артыкулу 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У звароце адзначаецца, што 7 і 8 кастрычніка жыхары Гомеля былі затрыманы супрацоўнікамі міліцыі па абвінавачванню ў здзяйсненні правапарушэння, прадугледжанага арт.23 34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Пасля затрымання апазіцыянеры былі змешчаны да суду ў ІЧУ.

10 кастрычніка суд прызнаў іх вінаватымі ў дадзеным правапарушэнні і пакараў штрафамі. «Пытанне нашых затрыманняў на тэрмін да трох сутак не знайшло адказу ў судзе. Лічым, што супрацоўнікі міліцыі парушылі нашы канстытуцыйныя гарантыі, прадугледжаныя артыкулам 25 Канстытуцыі, таму звярнуліся са скаргай у пракуратуру. Пракуратура Цэнтральнага раёна Гомеля дала адказ, што наша затрыманне з'яўлялася мерай забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, а наш статус у той час вызначаўся як статус асобаў, якія здзейснілі правапарушэнне. Абласная пракуратура пацвердзіла высновы раённага пракурора, дадаўшы, што адміністрацыйнае затрыманне не можа прымяняцца пасля вынясення пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні», - пішуць заяўнікі.

Яны даводзяць, што адміністрацыйнае затрыманне фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, можа цягнуцца не больш за тры гадзіны. А на тэрмін, большы за тры гадзіны, але не большы за 72 гадзіны, могуць быць затрыманыя фізічныя асобы, здзейсніўшыя адміністрацыйнае правапарушэнне, за якое ў якасці адміністрацыйнага спагнання прадугледжаны арышт ці дэпартацыя (арт. 8.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях).

Апазіцыянеры тлумачаць, што адміністрацыйныя затрыманні з'яўляюцца правам, а не абавязкам супрацоўнікаў міліцыі, адпаведна, норма закону «могуць быць затрыманы» у дадзеным выпадку выкарыстана з суб'ектыўнага меркавання супрацоўніка міліцыі.

Заяўнікі лічаць, што норма закону «фізічная асоба, якая здзейсніла правапарушэнне», не мае легальнага тлумачэння. Тут варта дадаць, што артыкул 8.4 ПВКаАП у частцы зместу тэрміну «асоба, якая здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне», супярэчыць прэзумпцыі невінаватасці, устаноўленай у артыкуле 2.7 ПВКаАП.

Таксама заяўнікі звяртаюць увагу, што норма закону адносна правапарушэння, «за якое ў якасці спагнання прадугледжаны адміністрацыйны арышт ці дэпартацыя», не можа прымяняцца ў дадзеных канкрэтных выпадках, паколькі санкцыі артыкулу 23.34 КаАП прадугледжваюць альтэрнатыўныя спагнанні, у дадзеным выпадку – штраф.

«Лічым, што пералічаныя калізіі адміністрацыйна-працэсуальнага заканадаўства на практыцы прывялі да парушэння нашага права на свабоду і асабістую недатыкальнасць», - выкзаваюць меркаванне Уладзімір Кацора і Уладзімір Няпомняшчых.

Яны прыводзяць прыклад адміністрацыйнага заканадаўства РФ, нормы якога выкладзены больш карэктна і не дапускаюць двухсэнсоўнага тлумачэння.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства