Ідэалагічная апрацоўка -- у працоўны час
У Магілёўскай вобласці адроджана правядзенне адзіных дзён інфармавання насельніцтва. Сёння ва ўсіх раёнах вобласці пройдзе адзіны дзень інфармавання насельніцтва на тэму “Імпартазамяшчэнне як найважны фактар дасягнення збалансаванага развіцця краіны і вобласці”. Сотні чыноўнікаў розных рангаў паедуць у працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў, а таксама па месцы жыхарства грамадзян, каб распавесці аб дасягненнях “квітнеючай” Беларусі.
Абсалютна незразумела, чаму кожны месяц у “адзіны дзень інфармавання” некалькі соцен (а, магчыма, і тысяч) чыноўнікаў з усёй Магілёўскай вобласці на дзяржаўных машынах у працоўны час раз’язжаюцца па розных гаспадарках, прадпрыемствах і населеных пунктах. Магчыма, што ім проста больш няма чым заняцца на сваіх працоўных месцах. Складваецца ўражанне, што ў Магілёўскай вобласці людзі непісьменныя, не чытаюць дзяржаўных газет, не глядзяць тэлевізар і не слухаюць радыё.
Між тым, ад працы на прадпрыемствах у гэты крызісны для краіны час адрываюцца тысячы людзей, які павінны слухаць чыноўнікаў ад ідэалогіі і ствараць малюнак “адзінства партыі і народа”. У прыватнасці, як паведамляе шклоўская раённая газета “Ударны фронт”, інфармацыйна-прапагандысцкія групы ў асноўным будуць наведваць прадпрыемствы ў працоўны час: “Юнімілк Шклоў” у 14-00, завод газетнай паперы і папяровую фабрыку “Спартак” у 16-00, Шклоўскі камбікормавы завод у 15-40 і г. д. Наколькі адпавядае патрабаванням беларускага заканадаўства такая напружаная праца прапагандыстаў на прадпрыемствах у працоўны час, вялікае пытанне. Яно тым больш актуальнае яшчэ і таму, што на большасці гэтых заводаў аплата працы здзельная і, слухаючыя выступленні ідэолагаў, людзі проста будуць пазбаўлены магчымасці зарабіць грошы. Ды і наогул выклікае здзіўленне той факт, што, калі кіраўнік краіны пастаянна заклікае народ працаваць як мага эфектыўней, каб хутчэй пераадолець крызіс, чыноўнікі на малой радзіме Аляксандра Лукашэнкі людзей ад гэтай працы чамусьці адрываюць для правядзення незразумелых прапагандысцкіх мерапрыемстваў.