viasna on patreon

Еўрапарламентары назвалі Беларусь другой пасьля Кітаю краінай з найбольш жорсткай цэнзурай у Інтэрнэце

2006 2006-07-10T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сваёй рэзалюцыі, прынятай пры канцы мінулага тыдня, дэпутаты асуджаюць дзейнасьць тых аўтарытарных рэжымаў, якія абмяжоўваюць свабоду меркаваньняў у Інтэрнэце, і патрабуюць ад кіраўніцтва ЭЗ улічваць пры супрацоўніцтве з тымі ці іншымі краінамі наяўнасьць свабоднага доступу грамадзянаў да Інтэрнэту.
Як вынікае з рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, Інтэрнэт стаў важным каналам для адлюстраваньня думак палітычных дысыдэнтаў, дэмакратычных актывістаў, журналістаў ва ўсім сьвеце. Адначасна расьце кантроль за Інтэрнэтам з боку аўтарытарных рэжымаў. Сярод краінаў з найбольш жорсткай цэнзурай у Інтэрнэце - постсавецкія Беларусь і Ўзбэкістан. Прычым Беларусь займае другую пазыцыю ў сьпісе пасьля Кітаю.
Як вынікае з рэзалюцыі, ЭЗ мусіць шукаць канкрэтныя крокі, каб абараніць свабоду слова ў Інтэрнэце для грамадзянаў тых краінаў, дзе парушаюцца базавыя правы чалавека.
У размове з Радыё Свабодай дэпутатка Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродтэр сказала наступнае: "Таго, што мы дагэтуль зрабілі для Беларусі, зразумела, недастаткова. Мы маем жаданьне рабіць значна болей, асабліва ў пытаньні, якое тычыцца доступу грамадзянаў да незалежнай інфармацыі. Каб людзі самі маглі скласьці інфармацыю пра тое, што робіцца ў іхнай краіне, а не праз прапразыдэнцкія медыі".
Паводле дэпутаткі Эўрапарлямэнту, яе калегі зьвярнуліся да кіраўніцтва ЭЗ з просьбай пашырыць незалежнае эўрапейскае вяшчаньне на Беларусь ( яно мае свае Інтэрнэт-вэрсіі), і такая прапанова знайшла паразуменьне ў кіраўніцтва ЭЗ.
Эўрапейская праваабарончая журналісцкая арганізацыя "Рэпарцёры бяз межаў" заявіла пра сваю падтрымку рэзалюцыі Эўрапарлямэнту і выказала спадзяваньні, што Эўракамісія і краіны - сябры ЭЗ выканаюць рэкамэндацыі эўрапейскіх дэпутатаў. У свой час "Рэпартэры бязь межаў" накіравалі ў Эўрапарлямэнт сьпіс 15 краінаў-ворагаў Інтэрнэту (Кітай, Бірма, Куба, Іран, Лібія, Мальдывы, Нэпал, Паўночная Карэя, Саудаўскай Арабія, Сірыя, Туніс, Туркмэністан, Узбэкістан, Віетнам і Беларусь). Паводле ініцыятывы "Рэпартэраў", адпаведную заяву пра падтрымку свабоды слова ў Інтэрнэце падпісалі 32 дзьве буйныя фірмы-інвэстары.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства