На Кастрычніцкай плошчы забаронена збірацца ўжо больш за двое
Увечары, 21 лістапада пры спробе сабрацца на Кастрычніцкай плошчы Менска на
штодзённую малітву па палітычных зняволеных, супрацоўнікі праваахоўных органаў
"разагналі" двух прысутных - Юлію Фралову і Таццяну Зялко.
Як паведамляе сайт беларускіх пенсіянераў «Наша пакаленне», звычайна малітвы адбываюцца
штодня каля Чырвонага касьцёла. Раней былі спробы праводзіць такую ж акцыю на
Кастрычніцкай плошчы, аднак, пасля затрыманняў удзельнікаў, было прынятае
рашэнне збірацца толькі каля "нулявога кіламетру". Але, падобна, што
ўлада раздражняе сам факт знаходжання прадстаўнікоў грамадскасці на
Кастрычніцкай плошчы. На гэты раз каля "нулявога кіламетру" было
ўсяго 2 чалавекі - Юлія Фралова і Таццяна Зялко. Да іх падышоў супрацоўнік
Цэнтральнага РАУС у цывільным і папрасіў пакінуць плошчу, бо "гэта
перашкаджае яго начальству". Якім чынам дзве жанчыны могуць перашкодзіць
начальніку цэлага РАУС застаецца невысветленым.
Такім чынам, Закон, які ў народзе названы "больш за трох не
зьбірацца", можна смела пераназываць на "больш за два".