Беларусы ставяць подпісы супраць смяротнага прысуду
Дзесяць тысяч подпісаў з’явілася пад петыцыяй у абарону абвінавачаных у тэрактах ужо ў першы дзень яе з’яўлення. У інтэрнэце ідзе кампанія, арганізатары якой не ўпэўненыя ў вінаватасці Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва ў цяжкіх злачынствах.
На пытанні журналіста Радыё Рацыя адказвае каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Андрэй Палуда.
РР: Так разумею, што не праваабарончы цэнтр “Вясна” ініцыятар гэтай петыцыі. Наколькі вы падтрымліваеце гэтую ідэю, наколькі лічыце, што яна можа дапамагчы?
– Сапраўды, не “Вясна” арганізатар гэтай петыцыі. Яе арганізатарам з’яўляюцца людзі з актыўнай грамадскай пазіцыяй, якія не вераць у тое абвінавачанне, якое прад’яўлена гэтым хлопцам. І для нас гэта вельмі добры паказчык, вельмі добры індыкатар таго, што пытанне смяротнага пакарання сапраўды вельмі турбуе і хвалюе насельніцтва краіны. Сітуацыя, якая склалася ў часе следства па справе тэракту, прад’яўленне абвінавачання, яшчэ больш абвастрыла гэтую тэму, усе тыя пытанні, якія мы падымалі на працягу апошніх гадоў. Адна справа, калі гэта робяць некалькі праваабарончых арганізацый ці праваабаронцаў, і другая справа, калі гэтае пытанне падымаюць самі людзі, па сваёй уласнай ініцыятыве.
РР: Наколькі петыцыя можа паўплываць на той прысуд, які будзе абвешчаны 30 лістапада?
– Я не магу сказаць адназначна адносна петыцыі: паўплывае яна, ці не паўплывае. Я лічу, што паўплываць на гэты прысуд можа комплекс мер, як гэта любяць гаварыць нашыя чыноўнікі. Мы ведаем, што многія судовыя выракі прымаюцца не незалежным і справядлівым судом, а прымаюцца ва ўладных кабінетах.
РР: Якраз Аляксандр Лукашэнка выказаўся адносна гэтага працэсу. У прыватнасці, прагучала, што абвінавачаныя ў тэрактах павінны панесці жорсткае пакаранне. Аднак пры гэтым Лукашэнка сказаў, што і меркаванне адносна пажыццёвага зняволення мае права на існаванне. Ці можна разглядаць гэта як своеасаблівы пасыл?
– У любым выпадку можна разглядаць гэта як нейкі пасыл. Але мне здаецца, што калі гэта гучыць з вуснаў палітыка, то гэта можа быць і палітычная гульня ў тым ліку. Ад палітыкаў, якія пры ўладзе ў нашай краіне, мы гэта чулі на працягу ўсяго мінулага года. Тым не менш, у нас расстралялі і Жука, і Юзэпчука. У гэтым годзе расстралялі яшчэ дваіх чалавек. Улады кажуць: вось-вось прыйдзе час, і будзе ўведзены або мараторый, або адбудзецца адмена смяротнага пакарання. Я чуў і чытаў гэтае інтэрв’ю Лукашэнкі аднаму з расійскіх каналаў. І хацеў бы сказаць, што менавіта ціск, як міжнародны, так і ціск такіх ініцыятыў, якія ўзнікаюць у нашай краіне з боку грамадства і праваабарончых арганізацый, канешне, дае плён. Мы бачым, што палітык нават такога рангу выказваецца па гэтым пытанні і кажа, што можа быць прынятае і такое або іншае рашэнне.
РР: І тое, што людзі пачалі збор подпісаў пад названай петыцыяй, магчыма, сведчыць пра нейкі пералом у грамадстве? Тут бачыцца і роля інфармацыйнай кампаніі, якую праводзіць “Вясна”...
– Мы верым і спадзяемся, і хацелі б, каб так сапраўды і было, што праца, якая вядзецца на працягу некалькіх гадоў, сапраўды магла ўплываць і на думку насельніцтва, і на пазіцыю прадстаўнікоў уладаў па гэтым пытанні. Калі патрабаванне зыходзіць ад больш шырокіх масаў насельніцтва, то, канешне, гэта таксама будзе ўплываць і на палітыку. Па-другое, у мяне складваецца ўражанне, што ўлады, у тым ліку і яе яскравыя прадстаўнікі, якія амаль што самі выносілі прысуд гэтым хлопцам яшчэ да судовага паседжання, самі не ўпэўнены ў тым, што гэтыя хлопцы здзейснілі злачынствы, у якіх іх абвінавачваюць. Таму цяпер і такая пазіцыя, і такія выказванні ўлады.