Карэліцкая пракуратура парушае заканадаўства
Сябра слонімскай суполкі Партыі БНФ Іван Шэга так і не атрымаў у вызначаны законам месячны тэрмін адказу з пракуратуры Карэліцкага раёна на сваю скаргу, якую ён накіраваў туды 9 кастрычніка. Прычынай напісання скаргі стала затрыманне яго 8 кастрычніка на ўласным аўтамабілі, калі актывіст ехаў са Слоніма ў Мінск. Па трасе на тэрыторыі Карэліцкага раёна яго спынілі міліцыянеры і загадалі ехаць у Карэлічы ў мясцовы РАУС. Пры гэтым ніякага абвінавачвання Івану Шэгу не прад’явілі. У аддзяленні міліцыі яго пратрымалі тры гадзіны і адпусцілі. На гэта затрыманне Іван Шэга напісаў дзве скаргі: адну ў пракуратуру Слонімскага раёна, другую – у пракуратуру Карэліцкага раёна. Калі з пракуратуры Карэліцкага раёна адказу Іван Шэга так і не атрымаў, то з пракуратуры Слонімскага раёна яму паведамілі, што копію ягонай скаргі накіравалі ў пракуратуру Карэліцкага раёна. Але супрацоўнікі пракуратуры ў Карэлічах пакуль маўчаць…