Прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу вынесены жорсткі прысуд
Сёньня суд Кастрычніцкага раёну Горадні вынес рашэньне па справе ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і задаволіў прозьбу пракурора Яўгена Шчарбака, які запатрабаваў зьняволіць Аўтуховіча і дырэктара фірмы "Ніка-транс" Юря Лявонава: першага на тры гады і шэсьць месяцаў, другога на тры гады і пяць месяцаў.
Дзяржаўны абвінаваўца сьцьвярджаў, што яны ўхіляліся ад выплаты падаткаў, ажыцьцяўляючы перавозку пасажыраў і багажу без рэгістрацыі камэрцыйнай фірмы і без адпаведнай ліцэнзіі, таму ў выніку мясцоваму бюджэту былі нанесеныя страты ў асабліва буйным памеры.
Такім чынам, Мікалай Аўтуховіч пакараны трыма гадамі і шасьцьцю месяцамі зьняволеньня у калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і з забаронай займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю на пяць гадоў.
Юры Лявонаў атрымаў тры гады і пяць месяцаў у калоніі ўзмоцненага рэжыму з забаронай на пяць гадоў займаць адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады. Лявонаву канфіскацыю маёмасьці не прысудзілі, але суд налічыў ім для сплаты агульную суму 1 мільярд і 132 мільёны рублёў - гэта выручка, якую атрымаў Аўтуховіч ад сваёй прадпрымальніцкай дзейнасьці, плюс 40 мільёнаў падатку, які ён, як палічыў суд, не заплаціў за кіроўцаў, якіх наймаў у фірме "Ніка-транс", паведаміла Радыё Свабода.
На вынясенні прысуда прасутнічалі знаёмыя Мікалая Аўтуховіча, яго супрацоўнікі, бацька, а таксама святар з Ваўкавыску, які прыехаў падтрымаць прадпрымальніка.
Адвакаты намераны абскарджваць прысуд.