Адміністрацыя бабруйскага шыннага камбінату выкарыстоўвае сродкі эканамічнага і юрыдычнага ўціску супраць сябраў незарэгістраванага Свабоднага прафсаюзу
У заводзкім камітэце дзяржаўнага прафсаюзу "Белнафтахім" адкінулі ўсе абвінавачаньні ў парушэньні правоў работнікаў. Там зазначылі, што на "Белшыне" няма суполак Свабоднага прафсаюзу, з імі не падпісаная калектыўная дамова, і яны не зьяўляюцца ўдзельнікамі працоўнага пагадненьня. Днямі, удакладнілі ў дзяржаўным заводзкім прафсаюзе, паступілі заявы на рэгістрацыю такой суполкі, але рашэньня на гэты конт яшчэ няма, паведаміла Радыё Свабода.
Раней жа, як патлумачыла прафсаюзная актывістка Алена Захожая, адміністрацыя "Белшыны" зьвінаваціла кіраўніцтва суполкі Свабоднага прафсаюзу ў нібыта нестатутным выкарыстаньні юрыдычнага адрасу і скасавала рэгістрацыю прафсаюзу.
Алена Захожая кажа, што супраць сяброў Свабоднага прафсаюзу актыўна выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс. Так, на Дзень хіміка, зазначыла спадарыня Захожая, ім не далі прэміяў. Каб яе атрымаць, незалежныя прафсаюзьнікі мусілі напісаць заявы на імя генэральнага дырэктара і кіраўніка дзяржаўнага прафсаюзу. Нявыплата прэміяў вымусіла прафсаюзны актыў зьвярнуцца да пракурора, каб той абараніў іх ад працоўнай дыскрымінацыі.