Віцебскі сябра “Маладой Беларусі” скардзіцца на жорсткае абыходжанне ў міліцыі
Тарас Сурган распавёў, што 4 лістапада па дарозе дадому на яго напалі невядомыя: пабілі, нанеслі некалькі нажавых раненняў. Ужо з хаты ён выклікаў хуткую дапамогу, медыкі завезлі яго ў шпіталь і наклалі швы на тры раны, параілі ляжаць. Але следам за лекарамі прыехалі супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС і павезлі Тараса Сургана на допыт.
Спачатку яго прывезлі Тараса ў Чыгуначны РАУС, потым на месца злачынства, потым у лінейны аддзел міліцыі. Тарас Сурган распавядае:
“Я вельмі доўгі час знаходзіўся ў міліцыі. Мяне дапытвалі да 7 гадзінаў раніцы стоячы, нягледзячы на тое, што мне быў прадпісаны пасцельны рэжым, і лекары забаранілі знаходзіцца ў вертыкальным становішчы. Я прасіў, каб мяне адпусцілі дадому, але той, хто вёў следства сказаў: “Хочаш, кладзіся на падлогу і ляжы”.
Спадар Сурган гаворыць, што ў той час, пакуль ён быў на допыце, супрацоўнікі міліцыі пабывалі ў ягонай хаце і забралі вопратку, у якой ён быў падчас інцыдэнту. Хто на яго напаў і з якімі мэтамі, ён не ведае. Міліцыянты завялі па гэтым факце крымінальную справу.
У апошні час Тарас Сурган не трапляў у поле зроку міліцыі за апазіцыйную дзейнасць. Але ў 2010 годзе яго некалькі разоў затрымлівалі за акцыі з бел-чырвона-белымі сцягамі і асуджалі да штрафаў і “сутак”. Сёлета Чыгуначны райсуд пастанавіў, што Тарас Сурган мусіць знаходзіцца пад міліцэйскім наглядам як асоба, якая ў мінулым здзейсніла некалькі крымінальных злачынстваў (крадзяжы) і адміністрацыйных правапарушэнняў (хуліганства).