“Гродзенская праўда” далучылася да шальмавання Алеся Бяляцкага
Галоўны афіцыйны орган гарадзенскай улады – “Гродзенская праўда” выплюхнула на галовы сваіх прыхільнікаў пасквіль на праваабаронцу Алеся Бяляцкага. “Публіцыст”, які схаваўся пад псеўданімам Денис Полеванов, у матэрыяле “Тайны политбизнеса. Как «правозащитник» Беляцкий устроил себе красивую жизнь” палівае брудам праваабаронцу, суд над якім зараз адбываецца ў Мінску.
Апантаны і абураны аўтар, хоць і робіць заўвагу, што “оценку незаконным деяниям Беляцкого даст суд”, свой катэгарычны прысуд дае ў сваім матэрыяле. Пры тым аўтар “раскрывае” усю “злачынную схему”, пачынаючы з дзейнасці міжнародных фондаў і заканчваючы жонкай Алеся Бяляцкага, якая нібыта была аформлена галоўнай бухгалтаркай у праваабарончай арганізацыі “Вясна”.
Амаль у кожным абзацы аўтар з непрыхаванай зайздрасцю гаворыць пра шматлікія матэрыяльныя “багацці” праваабаронца. Выяўляецца нават, што мець кватэру і лецішча і пару раз у месяц выязджаць за мяжу – гэта надзвычайная раскоша. У канцы ж артыкулу Паляванаў выдае ўвогуле рытарычны перл: маўляў, калі такія махінацыі лічыць праваабаронай, то што ж тады называецца мафіяй?
Гэты ж артыкул, як мы паведамлялі раней, размясцілі рэгіянальныя выданні Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Брэстчыны.