Міліцыянты пагражаюць адміністратыўнай адказнасцю за флэшмоб у Віцебску
11 кастрычніка віцебская моладзь збіралася зладзіць флэшмоб “Радыяцыя 2.0”, каб прадэманстраваць сваю нязгоду з пабудовай АЭС у Беларусі. Для каардынацыі ахвотных была створана адмысловая падзея “Вконтакте”, і да адной з яе ўдзельніц напярэдадні вечарам з’явіліся міліцыянты.
Дзяўчына распавяла, што двое супрацоўнікаў міліцыі не назвалі сябе, адно што адзін з іх заявіў, што ён участковы:
“На іх нават не было “бэйджыкаў” з прозвішчамі, а сама я неяк разгубілася, і нават не перапытала, хто яны такія. Прыйшлі ўдвух і заявілі, што ім вядома пра падрыхтоўку флэшмобу. Сказалі, што цяпер гэта лічыцца несанкцыянаванай акцыяй, за удзел у якой можна трапіць пад адміністратыўнае пакаранне. Заўважылі, што дома мая маці, і пачалі ціснуць ужо на яе, маўляў, калі ваша дачка заўтра не вернецца дахаты, то шукайце яе ў ізалятары часовага ўтрымання”.
Як міліцыянты яе “вылічылі” , дзяўчына не ведае. Бо на адпаведнай старонцы “Вконтакте” няма ні сапраўднага імя, ні іншых асабістых дадзеных. Адно што супрацоўнікі міліцыі сказалі, што бачылі дзяўчыну на Народным сходзе – да таго ж яны ўсё здымалі на відэа, і на гэтых запісах відаць усіх прысутных. Міліцыянты сказалі дзяўчыне “знізіць грамадскую актыўнасць”, бо гэта можа “дрэнна скончыцца”.
Ідэя правесці флэшмоб з’явілася яшчэ два тыдні таму,калі гэткія моладзевыя забавы яшчэ не былі прыроўнены да масавых акцый. Сцэнар быў прапанаваны такі: усе ўдзельнікі збіраюцца на вуліцы Леніна каля Ратушы, і ў пэўны час з іхных мабільных тэлефонаў мусіць прагучаць гуказапіс аб’явы Прыпяцкага гарадскога радыё пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, якая прагучала ў эфіры 27 красавіка 1986 года.
На думку патэнцыйнай удзельніцы флэшмобу, віцебская міліцыя актывізавалася пасля Народнага сходу, на які 8 кастрычніка сабралася больш за дзве сотні гараджан, прычым пераважная большасць з іх падтрымала выказаныя на сходзе палітычныя патрабаванні. І цяпер супрацоўнікі міліцыі імкнуцца блакаваць любыя праявы грамадскай актыўнасці.