viasna on patreon

Хрыстафор Жаляпаў будзе судзіцца з райвыканкамам, міліцыяй, хуткай дапамогай і ЖКГ

2011 2011-10-07T10:45:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vitebsk_zhalapau.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Хрыстафор Жаляпаў

Хрыстафор Жаляпаў

Старшыня Віцебскай абласной арганізайыі  Руху “За Свабоду” вырашыў  такім чынам  адстойваць канстытуцыйнае права на свабоду выказвання меркавання. Пасля таго, як яму 8 разоў запар адмовілі ў правядзенні мітынгаў і пікетаў, ён звярнуўся ў суд Чыгуначнага раёну са скаргай на  раённую  адміністрацыю і службы, якія мусяць забяспечваць правапарадак,  чысціню і медыцынскае абслугоўванне падчас вулічных акцый.

Хрыстафор Жаляпаў распавёў, што адміністрацыя Чыгуначнага раёну не дазволіла правесці ні акцый у падтрымку беларускіх палітвязняў, ні імпрэзаў да Дня Волі 25 сакавіка і Дня Незалежнасці 27 ліпеня, ні мітынгу перад угодкамі Чарнобыльскай катастрофы, ні пікетаў супраць збяднення насельніцтва ва ўмовах сучаснай эканамічнай палітыкі:

“Мы прасілі дазволу на акцыі ў вызначаным гарадскімі ўладамі месцы – у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў.  Першыя адмовы адміністрацыя Чыгуначнага раёну абгрунтоўвала тым, што якраз у той самы дзень і час, калі мы хочам правесьці нейкую акцыю, парк заняты  пад іншую імпрэзу. Потым адмовы сталі больш аднастайныя: маўляў, мы не дамовіліся з ЖКГ пра ўборку  тэрыторыі пасля імпрэзы, з хуткай дапамогай пра медыцынскае абслугоўванне і з міліцыяй наконт аховы правапарадку. А ўсе гэтыя службы адмаўляюцца падпісваць з намі дамовы, пакуль няма дазволу з раённай адміністрацыі. Атрымліваецца замкнёнае кола”.

Праўда, кажа спадар Жаляпаў, было некалькі выпадкаў, калі раённая міліцыя давала “нестандартныя” адказы: да прыкладу, няма вольных супрацоўнікаў, каб паслаць на дзяжурства падчас акцыі, бо яны задзейнічаны ў іншым месцы.

Актывіст вырашыў, што суд, паводле артыкулу 353 Грамадзянска-працэсуальнага Кодэксу, мусіць даць ацэнку дзейнасці і раённай адміністрацыі, і службаў, якія мусяць забяспечваць правапарадак,  чысціню і медыцынскае абслугоўванне. Такім чынам ён спадзяецца змусіць раённыя ўлады ўсе ж забяспечыць і яму і іншым грамадзянам рэалізацыю канстытуцыйнага права на публічнае выказванне поглядаў. 

Суд паводле скаргі Хрыстафора Жаляпава мае адбыцца 13 кастрычніка. Сведкамі на ім будуць ягоныя аднадумцы – таксама заяўнікі мерапрыемстваў, не дазволеных Чыгуначнай раённай адміністрацыяй.  Сярод іх і юрыст  Аляксей Гаўруцікаў, які дапамагаў складаць заяву ў суд:

“Іншага шляху ў нас няма, усе “мірныя” магчымасці мы ўжо выкарысталі. Мы прасілі, каб гарвыканкам змяніў парадак атрымання дазволу – каб спачатку яго давала мясцовая адміністрацыя, а потым мы ішлі дамаўляцца з міліцыяй, медыкамі і ЖКГ. Але нам сказалі, што гэткі парадак зацверджаны, і змяняць яго немэтазгодна. Немэтазгодна, як нам адказалі, і пашырыць пералік месцаў для масавых акцый. Мы гэта прапаноўвалі, каб не сутыкацца з сытуацыяй “там ужо занята”.  Цяпер будзем судзіцца за сваё права на арганізацыю пікетаў і мітынгаў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства