Словы падтрымкі Алесю Бяляцкаму перадаюць сірыйскія праваабаронцы
“Мы, сябры сірыйскай
праваабарончай арганізацыі SAWASIAH, успрынялі навіну пра
затрыманне віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага 4 жніўня
2011 з вялікай занепакоенасцю наконт яго фізічнай і псіхалагічнай недатыкальнасці.
SAWASIAH заклікае беларускія ўлады прыняць аператыўныя
захады дзеля неадкладнага вызвалення сп. Алеся Бяляцкага”.
Паведамленне такога зместу “Вясне” перадаў сябра SAWASIAH Хайтан эль Малех пасля сустрэчы прадстаўнікоў міжнароднай праваабарончай супольнасці ў рамках Шостай Платформы Праваабаронцаў (The Sixth Platform for Human Rights Defenders), якая праходзіла ў Дубліне 15 – 17 верасня.
(На верхнім здымку злева на права: генеральны сакратар Бахрэйнскага праваабарончага таварыства Абдула аль Дэразі, Жэнеўева Дыало (Кот д’Івуар), Кэтрын Алталі (Сірыя), Джульена Люсэгж – на заднім плане (Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Жаночая салідарнасць дзеля міру й развіцця), Шырын Эбадзі (іранская праваабаронца, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі 2003-га году), Хайтан эль Малех (Сірыя) і Сухэйр Белхасэн (Прэзідэнт FIDH)).
Мерапрыемства, арганізатарам якога з’яўляецца арганізацыя па абароне праваабаронцаў Front Line, сабрала вялікую колькасць вядомых на ўвесь свет праваабаронцаў. Сябры праваабарончых арганізацыяў з розных краінаў выразілі сваю салідарнасць з беларускім калегам Алесем Бяляцкім, віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека, які з 4 жніўня ўтрымліваецца пад вартай па палітычна матываваных абвінавачаннях.
Нобелеўская лаўрэатка, якая падпісала паручальніцтва за Алеся Бяляцкага, Шырын Эбадзі і Прэзідэнт FIDH Сухэйр Белхасэн.
Прэзідэнт FIDH Сухэйр Белхасен і Джульена Люсэгж з “Жаночай салідарнасці дзеля міру і развіцця” з Конга.
Наста Лойка (ПЦ “Вясна”), Прэзідэнт FIDH Сухэйр Белхасэн і Maша Шчышчанкова (Front Line).
Front Line была заснаваная ў Дубліне ў 2001 годзе з мэтай абароны праваабаронцаў,
якія займаюцца негвалтоўнай дзейнасцю па абароне любога з правоў, абвешчаных
Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека.
Арганізацыя адстойвае інтарэсы праваабаронцаў перад урадамі краінаў і
міжнароднымі арганізацыямі з тым, каб удасканаліць механізмы абароны
праваабаронцаў. Адна з мэтаў дзейнасці – пабудзіць палітыкаў
агульнаеўрапейскага, нацыянальнага і міждзяржаўнага ўзроўняў да прыняцця
неадкладных мераў і стварэння бяспечных умоваў для праваабаронцаў, якія
ажыццяўляюць сваю законную, мірную дзейнасць на карысць людзей. Мае
кансультатыўны статус пры Эканамічнай і сацыяльнай радзе ААН.