Берасьце: у працы журналісткі міліцыя ўгледзела палітычную акцыю
Карэспандэнтку «Брестского курьера» Алісу Поль міліцыянты затрымалі, калі яна працавала на вулічным апытаньні.
Аліса Поль: «Недзе з 12 да 13 гадзіны я рабіла апытанку каля калгаснага
рынку наконт таго, ці задаволеныя людзі зараз сваімі заробкамі.
Пыталася, колькі б людзі хацелі зарабляць, што на тыя грошы, якія маюць
зараз, могуць сабе дазволіць і што рабіць, каб палепшыць жыцьцё. Падчас
апытаньня да мяне падышлі тры супрацоўнікі міліцыі, якія сказалі, што
я тут праводжу палітычную агітацыю. Маўляў, да іх паступіла
тэлефанаваньне такое. Мяне завялі ў адзін з апорных пунктаў міліцыі, дзе
спраўдзілі дакумэнты. Але яны запатрабавалі, каб я напісала
тлумачальную запіску, а таксама засумняваліся ў праўдзівасьці
пасьведчаньня «Бресткого курьера».
Затрыманая карэспандэнтка патэлефанавала праваабаронцу Ўладзімеру Вуеку,
які запытаўся ў міліцыянтаў, ці сапраўды карэспандэнтка затрыманая.
Аднак, са словаў Алісы Поль, супрацоўнікі міліцыі сказалі, што яны
проста зь ёю гутараць, і адразу ж адпусьцілі.
Пратакол затрыманьня не складаўся.