Акцыя ў падтрымку праваабаронцы Алеся Бяляцкага ў Варшаве
Акцыя ў падтрымку кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся
Бяляцкага прайшла 27 верасня ў Варшаве. Польская сталіца была абраная
невыпадкова – цяпер там праходзіць штогадовая канферэнцыя АБСЕ па правах
чалавека, якая сабрала каля тысячы прадстаўнікоў урадаў і актывістаў
грамадзянскай супольнасці з 56 краін- удзельніц АБСЕ.
Арганізатары акцыі спадзяюцца, што пікет падчас такой прадстаўнічай канферэнцыі
прыцягне больш увагі да сітуацыі з правамі чалавка ў Беларусі ўвогуле і
да лёсу Алеся Бяляцкага ў прыватнасці, кажа паплечнік праваабаронцы Валянцін
Стэфановіч.
Валянцін Стэфановіч: “Для нас важна, каб Беларусь заўсёды
знаходзілася ў фокусе міжнародных арганізацый. Адзінае, на што сёння можна
спадзявацца – гэта рэакцыя міжнародных арганізацый і Еўрасаюза. Бо ўнутры
Беларусі ніякіх прававых механізмаў, якія б мы маглі задзейнічаць у абароне
ўсіх палітвязняў, не толькі ў справе Беляцкага, няма. Як няма спадзяванняў на
нейкі незалежны суд”.
Падтрымала калегу і кіраўніца бюро Ўсходняй Еўропы
Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Саша Кулаева.
Саша Кулаева: “Незалежна ад таго, якія яму прад’яўляюць
абвінавачанні, суд над Бяляцкім будзе палітычным. І адзінае, што сапраўды
адыграе ролю ў ягоным лёсе, гэта палітычная воля кіраўніцтва. Кіраўніцтва, як
бы яму гэтага не хацелася, залежнае шмат ад якіх фактараў эканамічных,
палітычных, геапалітычных. Таму мы спадзяемся, што калі Еўропа зойме сапраўды
прынцыповую пазіцыю ў справе вызвалення Алеся Бяляцкага і астатніх палітычных
зняволеных, то да гэтага Лукашэнка не зможа не прыслухацца”.
Вось толькі шкада, кажа прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Civicus Уіл Лэсці (Will Lasty), што простыя людзі як у Еўропе, так ў і ЗША вельмі мала ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі.
Уіл Лэсці: “Усё залежыць ад таго, як мы гаворым пра гэтыя
рэчы, як мы пра іх пішам. Напрыклад, нам (грамадзянам ЗША – Еўрарадыё) вельмі
цікавы Блізкі Ўсход. Зразумела чаму – наша дзяржава мае вялікі інтарэс там.
Тыбет нам вельмі цікавы. Што яшчэ? Афрыка вельмі цікавая, бо Джордж Клуні
цікавіцца Суданам. Бо Анджаліна Джалі і Бона працуюць там. Я не ведаю, чаму мы
не можам знайсці такіх людзей і не зрабіць такіх жа кампаній датычна Беларусі ў
Еўропе?!”
Але калі звычайныя людзі проста не ведаюць пра сітуацыю ў
Беларусі, то чыноўнікі асобных краін-удзельніц АБСЕ не хочуць пра гэта і чуць.
Па словах кіраўніка Беларускага Хельсінскага камітэта Алега Гулака,
ў першы ж дзень канферэнцыі ў Варшаве было шмат увагі ўдзелена і сітуацыі з
правамі чалавека ў нашай краіне, і справе Алеся Бяляцкага. Гэта абурыла не
толькі афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, але і некаторых іх калег з краін СНД.
Але такая пазіцыя зразумелая, кажа беларускі праваабаронца.
Алег Гулак: “Частка гэтых урадаў дапускае час ад часу
парушэнні правоў чалавека, а частка гэта робіць сістэмна. Як гэта ёсць у
Беларусі. Як ёсць салідарнасць у праваабаронцаў (вы ж бачыце, што на гэтай
акцыі людзі з розных краін), таксама відавочна салідарнасць і
правапарушальнікаў. Гэта рэальнае жыццё, рэальная міжнародная палітыка”.
Сапраўды, да пікетоўцаў далучыліся ўдзельнікі канферэнцы з Расіі, Украіны, Кіргізіі, Арменіі ды шэрагу іншых краін. Яны скандавалі “Свабоду Бяляцкаму – свабоду Беларусі” на сваіх мовах, прыцягвалі ўвагу мінакоў самаробнымі плакатамі, падпісвалі паштоўкі Бяляцкаму.