Бабруйская міліцыя ўзялася за «падазроных асобаў»
Бабруйчанам з грамадзянскай пазіцыяй ўчастковыя прапануюць падпісаць даволі дзіўны дакумент. Завецца ён «Пратакол афіцыйнай засцярогі аб недапушчальнасці парушэнняў парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання, парушэнняў заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі».
Адбываецца гэта так: ўчастковы тэлефануе на хатні або мабільны тэлефон патэнцыйнага злачынца, гэта значыць «апазіцыянера», і прапануе сустрэцца, паведамляе рэгіянальны партал “Бабруйск”. Прычым рабіць абзвон вартавы парадку можа ў любы зручны для сябе час – у выходныя, пасля васьмі гадзін вечара ... Тлумачачы прычыну цікавасці да пэўных бабруйчанаў, участковыя кажуць, што іх неабходна азнаёміць з засцярогамі.
У паперцы напісана, што афіцыйную засцярогу вынес начальнік УУС Бабруйскага гарвыканкама, палкоўнік міліцыі Аляксандр Васільеў. Далей падпісанта папярэджваюць, што за ўдзел у мітынгах і іншага вальнадумства папярэджаным чакае пакаранне ў выглядзе штрафаў і адміністрацыйнага арышту, і г.д.