27 верасьня ў Варшаве будуць пікетаваць у падтрымку Бяляцкага
Хэльсынскі фонд правоў чалавека (Польшча) ладзіць у Варшаве пікет, каб падтрымаць зьняволенага ў Беларусі кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага.
Першая частка пікету заплянаваная на 14.00—15.00 паводле мясцовага часу
ля гатэлю Sofitel Warsaw Victoria на Каралеўскай вуліцы, 11. Гэтымі
днямі ў гатэлі праходзіць канфэрэнцыя АБСЭ па чалавечым вымярэньні.
15.00—16.00 акцыя працягнецца ў Кракаўскім прадмесьці насупраць уваходу на тэрыторыю Варшаўскага ўнівэрсытэту.
Адна з арганізатарак пікету Вольга Саламатава паведаміла "Свабодзе", што
ў пікеце будуць удзельнічаць чальцы праваабарончых арганізацыяў з
розных краінаў АБСЭ. Беларусь будуць прадстаўляць сябры Беларускага
Хэльсынскага камітэту і праваабарончага цэнтру "Вясна".
Кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага вінавацяць ва
ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. Бяляцкаму
пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Бяляцкага затрымалі 4 жніўня.