Фюле: Эўразьвяз павінен ахоўваць рахункі з дапамогай рэпрэсаваным грамадзтвам
Штэфан Фюле, камісар Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі суседзтва, напісаў адкрыты ліст Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства пра арышт беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і высновы зь яго.
Камісар Фюле лічыць, што абвінавачаньні, выстаўленыя Алесю Бяляцкаму
беларускімі ўладамі, беспадстаўныя і зьяўляюцца працягам рэпрэсій
супраць грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, якія пашырыліся пасьля 19
сьнежна 2010 году.
Паўтараючы афіцыйную пазыцыю Эўразьвязу, згодна зь якой Брусэль
дамагаецца неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Бяляцкага і зьняцьця
ўсіх абвінавачаньняў зь яго, Фюле піша:
«Я падзяляю вашы меркаваньні аб важнасьці прадухіленьня падобных
сытуацый у будучыні, у Беларусі і ў іншых месцах. Бясспрэчна, што
інтарэсы тых няўрадавых арганізацый, якія былі вымушаныя адчыніць
прыватныя банкавыя рахункі ў краінах-сябрах Эўразьвязу для атрыманьня
дапамогі ў рамках праектаў ЭЗ, мусяць ахоўвацца адпаведным чынам.
Эўрапейская служба зьнешнепалітычнай дзейнасьці і Эўрапейская камісія
цяпер вывучаюць пытаньне, якога тыпу і памеру забесьпячэньні можна
ўвесьці ў гэтым выпадку».
Ліст канчаецца запэўненьнем камісара Фюле, што як увесь Эўразьвяз, так і
ён асабіста застаюцца адданымі справе падтрымкі і дапамогі палітычным
вязьням і ахвярам рэпрэсій у Беларусі.