viasna on patreon

У зьбітага й арыштаванага актывіста Кастуся Жукоўскага зламаная нага

2011 2011-09-26T13:47:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

 

Дзяжурны Гомельскага ізалятару часовага ўтрыманьня патэлефанаваў праваабаронцу Леаніду Судаленку й перадаў просьбу ад Кастуся – прывезьці ў ізалятар мыліцы.

“Я пацікавіўся: а што ў яго зламана? Дзяжурны адказаў: “Нага!” Пытаюся: гіпс наклалі? Дзяжурны адказаў: “Так, наклалі гіпс”, – паведаміў Судаленка.

Леанід Судаленка паведаміў, што мыліцы Жукоўскаму знайшлі.

“Я буду прасіць начальства ізалятара перанесьці адбыцьцё вынесенага судом пакараньня на больш позьні тэрмін – пасьля выздараўленьня”, – сказаў Судаленка.

Кастуся Жукоўскага затрымалі 21 верасьня, да пачатку маўклівай акцыі пратэсту, непадалёк ад уласнага дому. Спэцназ міліцыі нібыта хацеў ўручыць Жукоўскаму позву, а ён лаяўся й супраціўляўся.

Жукоўскага спэцназаўцы адвезьлі спачатку ў Чыгуначны аддзел, дзе дапытваліся, чаму ягоны тэлефон пазначаны ў запрашэньнях на Народны сход, які мае адбыцца 8 кастрычніка ля ДК “Віпра” на вуліцы Юбілейнай.

Пасьля Жукоўскага перавезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі, каб скласьці адміністрацыйныя пратаколы. І толькі праз пяць гадзінаў адвезьлі ў шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі, пасьля – да нейрахірурга ў абласны шпіталь, а затым – у ізалятар.

На судзе Жукоўскі даваў паказаньні седзячы, бо накульгваў і ня мог стаяць. Актывіст таксама хадайнічаў  выклікаць лекара, скардзіўся, што баліць нага, галава, шыя й рукі, што нагу лекары напярэдадні нават не аглядалі.  Хадайніцтва не было задаволена,  і  ў перапынку паміж паседжаньнямі суду Кастуся да мэдыкаў не вазілі.

22 верасьня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала Кастуся Жукоўскага пакарала 15 суткамі арышту: 7 – нібыта за лаянку на вуліцы, 8 – за супраціў міліцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства