Бандарэнка ўпершыню патэлефанаваў з Магілёўскай калоніі
Зміцер Бандарэнка першы раз патэлефанаваў жонцы з Магілеўскай калоніі. Палітвязень знаходзіцца ў санчастцы і праходзіць некаторыя працэдуры пасля складанай аперацыі на пазваночніку. Як адзначае Вольга Бандарэнка, яе муж пакуль не скардзіцца ні на харчаванне ў калоніі, ні на ўмовы ўтрымання:
- Пытанні былі збольшага бытавымі. Ён не тое, што супакойваў мяне, але сказаў, што наколькі магчыма ў гэтай сітуацыі - ў яго ўсё нармальна. Лісты даходзяць, пяць дзён няма - пасля цэлы пачак прыносяць. Лісты прыходзяць нават ад чужых людзей, не толькі ад сваякоў. Кажа, што кормяць нармальна. Са здароўем усё па-ранейшаму, адчувае слабасць ў правай назе. Зміцер думаў, што пасля аперацыі яна хутчэй будзе аднаўляцца. Але яму казалі, што будзе хвалямі: то лягчэй, то зноў горш. Пакуль аперацыя не дапамагла. Яму казалі, што нервовыя канчаткі будуць доўга аднаўляцца.
Зміцер Бандарэнка выказаў таксама заклапочанасць сітуацыяй вакол Андрэя Саннікава і Змітра Дашкевіча. Як вядома, іх цяпер вязуць па этапе ў іншае месца адбыцця пакарання. Калі Дашкевіча ўчора знайшлі ў Віцебскім СІЗА №2, то месцазнаходжанне Саннікава надалей невядомае.