Віншаванні Алесю Бяляцкаму гучалі сёння на менскіх вуліцах (ФОТА, ВІДЭА)
25 верасня сябры, калегі і аднадумцы Алеся Бяляцкага выйшлі на сталічны праспект, каб распавесці людзям пра тое, што сёння, у свой дзень народзінаў, вядомы на ўвесь свет беларускі праваабаронца знаходзіцца за кратамі на Валадарцы.
“Шаноўны Алесь, з Днём народзінаў!
Камера СІЗА не лепшае месца для ягонага адзначэння, таму жадаем найхутчэйшага вызвалення і магчымасці працягнуць дапамагаць людзям, што Вы рабілі цягам апошніх 15-ці гадоў свайго жыцця!
Мужнасці, бадзёрасці, трываласці і непахіснасці Вам на ўсе часы! Няхай Бог мацуе не толькі веру, а і дадае моцы, надзейных партнёраў і прыхільнікаў, якія б разам прывялі да той Беларусі, пра якую ўсе мы марым!”
Паштоўкі з такім зместам усе жадаючыя ўкідвалі ў паштовыя скрыні, каб разам з віншаваннем даслаць Алесю ў няволю свае галасы падтрымкі. Да будынку Галоўпаштампту падыходзілі і грамадзяне, якія ўважліва сочаць за лёсам Бяляцкага, і тыя, хто з абвестак даведаліся пра гэтую віншавальную акцыю, і проста неабыякавыя мінакі, якім пра зняволенага праваабаронцу распавялі яго сябры і калегі.
Пасля са сталічнага праспекту праваабаронцы пайшлі на вуліцу Валадарскага, да будынку СІЗА, каб запусціць над вязніцай, дзе Алесь Бяляцкі вымушаны сустракаць свой дзень народзінаў, дзесяткі белых і чырвоных балонікаў, якія надавалі ўрачыстасці сённяшняму дню.
Своеасаблівыя сімвалы свабоды ўзляталі ў неба пад радаснае “З Днём народзінаў, Алесь Бяляцкі!” і жыццесцвярджальнае “Жыве Беларусь!”. І было вельмі прыемна, што на гэтыя словы адгукаліся сэрцы мінакоў.
* * *
Пад вокнамі следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Менску 25 верасьня невядомыя зладзілі салют у гонар дня нараджэньня зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.