“Вясна” патрабуе спыніць супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да Андрэя Саннікава і Змітра Дашкевіча
23 верасня 2011 года
г. Менск
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае занепакоенасць пераводамі палітзняволеных Андрэя Саннікава і Змітра Дашкевіча.
21 верасня 2011 г. Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Андрэя Саннікава, даведалася з тэлеграмы аб тэрміновым пераводзе мужа з калоніі ў г. Наваполацку ў Бабруйскую калонію №2, а 23 верасня 2011 г. у Дэпартаменце выканання пакаранняў ёй паведамілі, што зараз ён яшчэ не прыехаў у новы пункт прызначэння.
19 верасня 2011 г. з Горацкай калоніі быў вывезены кіраўнік Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч, якога па незразумелых прычынах перавялі ў Магілёўскі ізалятар, а адтуль праз некалькі дзён вывезлі ў невядомым накірунку. Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра маршрут перамяшчэння, а таксама пра падставы такіх дзеянняў не паведамлялі ні родным, ні адвакату Змітра. На дадзены момант адсутнічае афіцыйная інфармацыя пра месца яго знаходжання, што з’яўляецца грубым парушэннем.
Працэс перавозу зняволеных выклікае ў іх фізічныя і псіхалагічныя пакуты. Таму беспадстаўнае ажыццяўленне такіх дзеянняў расцэньваецца намі як катаванне. Да таго ж, падчас этапавання забаронена перадача ім рэчаў і ежы, што, на фоне змены тэмпературнага рэжыму, выклікае занепакоенасць здароўем вязняў. У гэты перыяд таксама блакуецца права на абарону і сустрэчу з адвакатам. Адсутнасць інфармацыі пра іх месцазнаходжанне расцэньваецца як бесчалавечнае абыходжанне, як з самімі палітвязнямі, так і з іх роднымі.
У сваю чаргу Праваабарончы цэнтр “Вясна” канстатуе, што ўлады Беларусі ў розных формах сістэматычна ўжываюць катаванні ў дачыненні да палітычных вязняў. Такая практыка павінна быць неадкладна спынена, а вінаватыя павінны панесці адказнасць згодна з заканадаўствам.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе:
1. Спынення супрацьпраўных дзеянняў з боку органаў выканання пакарання, а менавіта прадастаўлення інфармацыі родным і адвакатам пра месцазнаходжанне Андрэя Саннікава і Змітра Дашкевіча;
2. Прадастаўлення зняволеным Андрэю Саннікаву і Змітру Дашкевічу магчымасці сустрэцца са сваімі адвакатамі.
3. Неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў.