Павіншуем Алеся Бяляцкага!
25 верасня ў дзень нараджэння кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, ягоныя паплечнікі і сябры супольна дашлюць віншавальныя паштоўкі праваабаронцу.
У 12 гадзін дня яны збяруцца каля Галоўпаштамту, каб разам укінуць віншаванні ў паштовыя скрыні. Паштоўкі могуць падпісаць таксама і іншыя ахвотныя. Дзеля гэтага падрыхтаваныя адмысловыя віншавальныя тэксты.
На жаль, свой 49-ы год народзінаў Алесь Бяляцкі сустракае за кратамі, у следчым ізалятары на Валадарцы. Менавіта таму яму вельмі будуць дарэчы нашыя цёплыя словы і падтрымка.
Нагадаем, што паўтары месяцы доўжыцца следства па крымінальнай справе, ўзбуджанай супраць Алеся Бяляцкага на падставе ч.2 арт. 243 КК РБ. Праваабаронцу пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.