Аўчыннікава аштрафавалі за распаўсюд улётак
22 верасня Баранавіцкі раённы (гарадскі) суд асудзіў да штрафу на 525 000 бел. руб. грамадскага актывіста Сяргея Аўчыннікава за распаўсюд улетак пра Ўсебеларускі Народны сход 8 кастрычніка.
21 верасня Сяргей Аўчыннікаў раздаваў мінакам улёткі пра Народны сход каля Баранавіцкага авіязавода. У 17 гадзін ён быў затрыманы каля д.16 вул. 50 год УЛКСМ супрацоўнікамі міліцыі, якія канфіскавалі інфармацыйную літаратуру і склалі адміністрацыйны пратакол.
Раніцай Сяргей Аўчыннікаў быў дастаўлены ў гарадскі суд, дзе ён быў асуджаны па арт. 33.34 КААП на 15 базавых адзінак за парушэнне парадку арганізацыі правядзення масавага мерапрыемства.
Судовы выканаўца Монцік Н.В. адабраў у актывіста 100$ і склаў акт арышту грашовых сродкаў. Сяргею Аўчыннікаву паведамілі, што калі ён своечасова заплаціць указаны штраф, то яму адразу аддадуць валюту.
Гэта першае затрыманне ў Баранавічах актывістаў, якія збіраюцца правесці ў нашым горадзе “Народны сход” 8 кастрычніка ў старым парку горада.