Баранавічы: праваабаронцы і грамадскія актывісты накіравалі віншаванні Алесю Бяляцкаму
23 верасня 2011 года баранавіцкія праваабаронцы і грамадскія актывісты накіравалі віншаванні кіраўніку Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму з днём народзінаў. Яны накіравалі імяніньніку віншавальныя тэлеграмы, пісьмы і каляровыя паштоўкі на адрас: 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА – 1. Прадстаўнікі грамадскасці пажадалі Алесю Бяляцкаму моцнага здароўя, мужнасці, хутчэйшай свабоды і каб як мага менш было ў яго перашкодаў для стваральнай і неабходнай на карысць людзей працы.
Мясцовы паэт Аляксей Валатовіч напісаў верш Алесю Бяляцкаму пад якім падпісаліся 38 чалавек.
Алесю Бяляцкаму ў дзень нараджэння
Дзянькі карацей і даўжэйшыя цені.
І гэтай асенняй парою
Алесь, мы віншуем цябе з нараджэннем,
Здароўя, удачы, настрою!
Чырвоныя клёны за вокнамі стынуць,
І птушкі прыціхлі ў бары.
Ты ж знай, што ніколі цябе не пакінуць
Радня, аднадумцы, сябры.
Ты вер, што абудзяцца людзі ад сну,
І будзем мы разам з Сусветам.
І ўжо ў кастрычніку стрэнем Вясну,
А потым надыдзе і лета.
Народ будзе шчыра скакаць пры агні,
І шчасцем засвецяцца вочы.
І вернуцца ў край гэты белыя дні,
І вернуцца белыя ночы!