Барысаўская міліцыя канфіскуе падпісныя лісты за Народны сход
Падчас збору подпісаў за правядзенне Народнага сходу 21 верасня ў Барысаве быў затрыманы актывіст АГП і сябра ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за правядзенне Народнага сходу Мікалай Іллюшонак.
Пры затрыманні ў Мікалая Іллюшонка запыталі пашпарт, маўляў, для высвятлення асобы, потым сканфіскавалі некалькі дзесяткаў улётак ды падпісныя лісты, абшукалі яго аўтамабіль. Затым, выклікаўшы машыну, актывіста адвезлі ў Барысаўскі РУУС.
Пратрымаўшы каля трох гадзін у пастарунку і склаўшы пратакол, міліцыянеры вырашылі агледзець яшчэ і кватэру. Пры гэтым доўга адмаўлялі актывісту ў прысутнасці сведак.
Мікалая Іллюшонака пакінулі ў спакоі толькі пасля агляду кватэры. Нягледзячы на патрабаванне актывіста, ніякіх копій дакументаў ні пра затрыманне, ні пра агляд кватэры і аўтамабіля яму не пакінулі.
Падобныя дзеянні міліцыі Мікалай Іллюшонак лічыць абуральнымі і таму сёння, 22 верасня, падаў скаргу ў пракуратуру.