Сяргей Аўчыньнікаў асуджаны ў Баранавічах за ўлёткі Народнага сходу
Актывіст Сяргей Аўчыньнікаў аштрафаваны судзьдзёй
баранавіцкага суду Сьняжко на 15 базавых велічыняў за тое, што
распаўсюджваў улёткі з інфармацыяй пра Народны сход.
Улёткі ён раздаваў каля авіярамонтнага заводу ўвечары 21 верасьня.
Супрацоўнік заводу выклікаў міліцыянтаў, якія даставілі актывіста
ў пастарунак. Там, як распавёў Сяргей Аўчыньнікаў, міліцыянты
камусьці патэлефанавалі, параіліся і склалі пратакол пра «парушэньне
парадку правядзеньня масавага мерапрыемства ці пікетаваньня».
Аўчыньнікаў: «Ноч я правёў у пастарунку, а раніцай мяне адвезьлі
ў суд, дзе аштрафавалі на 525 тысяч рублёў. Пры гэтым у мяне
адабралі сто даляраў, якія я адмовіўся мяняць, каб сплаціць штраф. Яны
склалі акт пра тое, што забіраюць грошы, і сказалі, што аддадуць, калі
сплачу штраф. То во схадзіў ужо і заплаціў. Ці адбіла
ў мяне гэта ахвоту займацца Народным сходам? Скажу — не, і нават
наадварот».