viasna on patreon

Новая справа ў Камітэце па правах чалавека ААН: “Валер Місьнікаў супраць Беларусі”

2011 2011-09-22T09:47:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vmisnikov1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валерый Міснікаў

Валерый Міснікаў

2093/2011 - такі рэгістрацыйны нумар прысвоіў Камітэт па правох чалавека ААН чарговаму звароту, які паступіў ў камітэт ад жыхара Віцебску. Аўтарам гэтага звароту зьяўляецца праваабаронца Валер Місьнікаў. Ён зьвярнуўся ў міжнародную ўстанову, заснаваную Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў, са скаргай на дзеяньні беларускіх уладаў, якія, на думку спадара Місьнікава, патапталі ягоныя грамадзянскія правы: права на свабоднае выказваньне сваіх поглядаў ды перакананьняў і права на распаўсюд інфармацыі.

Згаданыя правы гарантуюцца грамадзянам як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтак і міжнароднымі прававымі актамі. Аднак, калі віцебскі праваабаронца паспрабаваў адстаяць іх у розных судох краіны - пачынаючы з Кастрычніцкага райсуду Віцебску і заканчваючы Вярхоўным Судом, - у задавальненьні яго законных патрабаваньняў яму ўсюды адмовілі.

Падзеі, якія прымусілі Валера Місьнікава шукаць справядлівасьці спачатку ў беларускіх судох, а пазьней - у Камітэце па правох чалавека ААН, адбыліся летась. 25 лістапада 2010 г. ён падаў заяўку ў Віцебскі гарвыканкам на правядзеньне пікету. Мэтай меркаванага мерапрыемства была прапаганда неабходнасьці забесьпячэньня правоў чалавека і распаўсюд інфармацыі пра ўмовы, якія мусіць стварыць дзяржава, каб кожны грамадзянін меў магчымасьць рэалізоўваць свае правы. Віцебскія ўлады адрэагавалі на пададзеную спадаром Місьнікавым заяўку таксама, як апошнімі гадамі рэагуюць амаль на ўсе гэткія заяўкі: праводзіць пікет яму забаранілі.

“Як законапаслухмяны грамадзянін падчас мерапрыемства я не зьбіраўся парушаць правы грамадзян, у тым ліку і іхнае права на вольнае перамяшчэньне па горадзе, - сьцьвярджае віцебскі праваабаронца. - Тым больш, што ў пікетаваньні меўся ўдзельнічаць я адзін і рэальна ня змог бы ствараць перашкоду руху мінакоў і гарадзкога транспарту. Таму падстава, зь якой улады адмовілі мне ў правядзеньні пікетаваньня, зьяўляецца надуманай і незаконнай”.

Варта адзначыць, што для таго, каб зладзіць публічную акцыю, аналягічную той, якую плянаваў Валер Місьнікаў, у большасьці краін ня трэба зьвяртацца па які-кольвек дазвол ад уладаў. Прычым гэта тычыцца ня толькі краін заходняй дэмакратыі. Нават у суседняй Расеі заканадаўствам прадугледжаная такая форма публічнага выказваньня думак, як адзіночны пікет, для якога не патрабуецца ні браць дазвол на яго правядзеньне, ні папярэджваць аб ім улады.

На жаль, досьвед іншых - нам ня ўказ. Беларусь ідзе ўласным шляхам, усяляк абмяжоўваючы грамадзянскія і палітычныя свабоды насельніцтва. Застаецца спадзявацца, што дзясяткі рашэньняў, якія штогод выносяцца Камітэтам па правох чалавека ААН датычна парушэньняў Рэспублікай Беларусь правоў жыхароў краіны, нарэшце дадуць плён: улады, як заканадаўча, гэтак і на практыцы, вымушаныя будуць зьмяніць сваё стаўленьне да забясьпячэньня законных правоў грамадзян.

Паводле vitebskspring.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства