Абласны суд не задаволіў скаргу аштрафаванага за запіс на старонцы "УКантакце"
16 верасьня Гомельскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу кіроўцы з Мазыра Міхася Караткевіча на пакараньне 105-тысячным штрафам за запіс на сваёй старонцы "УКантакце" пра маўклівыя акцыі пратэсту "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку".
Судзьдзя Васіль Бягун, які разглядаў скаргу, параіў Міхасю рабіць запісы ў блякноце, бо інтэрнат, маўляў, - гэта сродак масавай інфармацыі.
Міхась Караткевіч мае далей аспрэчваць штраф у Вярхоўным судзе. А калі й той прызнае законным пакараньне за запіс на сваёй старонцы "Ўкантакце", то "будзе шукаць праўды ў Камітэце ААН па правах чалавека".
Караткевіч, а таксама праваабаронца Ўладзімер Целяпун, які прысутнічаў у абласным судзе й назіраў за разборам адміністрацыйнай справы лічаць, што пакараньне цалкам заснаванае на "меркаваньнях і дапушчэньнях". У справе няма ніводнага факту ці сьведкі, на які адрас і каму канкрэтна была пераадрасаваная інфармацыя пра збор людзей на плошчы Леніна ў Мазыры.
Невядома, ці скарыстаў гэтую інфармацыю. Не пазначана таксама ў пастанове, якім чынам быў парушаны парадак правядзеньня масавага мерапрыемства і што гэта за масавае мерапрыемства, якое не зафіксавана ахоўнікамі правапарадку.
"Я лічу, што спэцслужбы адсочваюць запісы ў інтэрнэце. І паколькі ў Міхася сапраўды быў запіс на старонцы пра маўклівыя акцыі, то яго й зрабілі арганізатарам", — кажа Целяпун.
Апрача пакараньня штрафам, дырэкцыя Мазырскага машынабудаўнічага заводу, дзе Міхась Караткевіч працуе кіроўцам пагрузчыка, вырашыла не падаўжаць зь ім працоўны кантракт, тэрмін якога сканчаецца 19 кастрычніка.