Сёння Валянцін Стэфановіч у Францыі сустракаецца з прадстаўнікамі МЗС і журналістамі
16 верасня ў Парыжы Валянцін Стэфановіч прыме ўдзел у шэрагу сустрэчаў з прадстаўнікамі МЗС Францыі, а таксама шэрагу французскіх СМІ. Пасля праваабаронца выступіць перад студэнтамі вышэйшай школы палітычных навук.
Сённяшнія мерапрыемствы з’яўляюцца працягам сустрэчаў намесніка старшыні ПЦ “Вясна” і сябраў Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) з прадстаўнікамі ЕС і ПАСЕ дзеля вызвалення кіраўніка “Вясны” і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязняў у Беларусі.
15 верасня Валянцін Стэфановіч прымаў удзел у шэрагу сустрэчаў у Страсбургу, у тым ліку з прадстаўніком па замежных адносінах Еўрапарламента Іонам Паску (Ioan Mircea Pascu), прадстаўнікамі офіса камісара па правах чалавека ПАРЕ, сябрамі Камітэта палітычных стасункаў Рады Еўропы, дэпутатамі Еўрапарламента Ленідасам Донскісам і Олле Шмідтам.
Нагадаем, што ў гэты дзень адбывалася дыскусія і прыняццё адмысловай рэзалюцыі Еўрапарламента па сітуацыі ў Беларусі і ў сувязі з арыштам праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
14 верасня Валянцін Стэфановіч і сябры FIDH сустракаліся з прадстаўнікамі ЕС у Бруселі. Па ініцыятыве польскага прадстаўніцтва пры ЕС у яго офісе адбылася сустрэча з паўнамоцнымі прадстаўнікамі 12 краінаў ЕС. У прыватнасці - з упаўнаважанымі прадстаўніцтваў Польшчы, Чэхіі, Літвы, Фінляндыі, Румыніі, Даніі, Італіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Бельгіі, Германіі, Францыі.
Падчас сустрэчы праваабаронцы давялі да ведама прысутных інфармацыю пра крымінальны пераслед спадара Бяляцкага. Акрамя таго Валянцін Стэфановіч распавёў прысутным апошнія навіны пра палітычных зняволеных ў Беларусі: пра адмову ў замене рэжыму адбыцця пакарання на больш мяккае ў дачыненні да Дзмітрыя Бандарэнкі, пра ціск з боку адміністрацыі папраўчай установы на Дзмітрыя Дашкевіча. Правабаронца адзначыў, што ціск на вязняў з боку адміністрацый папраўчых установаў з мэтай атрымання пакаяльных лістоў на імя А. Лукашэнкі з’яўляецца цалкам непрымальным і абуральным фактам і што праваабаронцы Беларусі патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Затым адбылася дыскусія.
Таксама ў межах візіту ў Брусель прайшлі сустрэчы праваабаронцаў са старшынёй аддзелу па Украіне, Малдове, Беларусі і Паўднёваму Каўказу Еўракамісіі Джонам К’ерэма (John Kjaer), прадстаўнікоўм аддзела па Беларусі “Усходняга партнёрства” Каталінам Джэрманам (Catalin Gherman), старшынёй аддзела па правах чалавека і палітычных і кіраўнічых прынцыпах Еўракамісіі Рынай Кіонкай (Riina Kionka), а таксама з прадстаўнікамі офіса найвышэйшага прадстаўніка ЕС Кэтрын Эштан.