viasna on patreon

Еўрапарламент заклікаў вызваліць Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў

2011 2011-09-16T10:23:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/euraparlamient-strasburg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

15 верасня Еўрапарламент у Страсбургу прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў беларускія ўлады вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага і іншых палітзняволеных ды асудзіў рэпрэсіі супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

У дэбатах выступілі еўракамісар па ўнутраных справах Сесілія Мальмстрэм ды больш за 20 еўрадэпутатаў, сярод якіх былі Рауль Рамэба і Руэда (аўтар праекту рэзалюцыі; Зялёныя/Эўрапейскі свабодны альянс), Чарлз Танак (аўтар праекту рэзалюцыі; фракцыя кансэрватараў і рэфармістаў), Юстас Палецкіс (аўтар праекту рэзалюцыі; сацыял-дэмакраты), Леанідас Донскіс (аўтар праекту рэзалюцыі; лібэральныя дэмакраты), Крыстыян Дан Прэда (аўтар праекту рэзалюцыі; хрысціянскія дэмакраты), Шогар Чаба (хрысціянскія дэмакраты), Гербен-Ян Гербранды (лібэральныя дэмакраты), Адам Бэлян (кансэрватары і рэфармісты), Бэрнд Посэльт (хрысьціянскія дэмакраты), Лідзія Яанна Герынгер дэ Одэнбург (сацыял-дэмакраты), Анэлі Ятэнмякі (лібэральныя дэмакраты), Іржы Машталка (аб’яднаныя левыя), Кшыштаф Лісэк (хрысціянскія дэмакраты).

Сярод агульнага асуджэння рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і заклікаў да цвёрдага курсу супраць афіцыйнага Менску некаторым дысанансам прагучала выступленьне Іржы Машталкі з Чэхіі, які заклікаў Еўрапарламент «не глядзець толькі ў адзін бок» і не «арганізоўваць кампанію» супраць Лукашэнкі, а абмеркаваць і іншыя факты парушэння правоў чалавека, як, напрыклад, абстрэл гуманітарнага канвою ізраільцянамі або інтэрвэнцыю НАТО ў Лібіі. Некалькі дэпутатаў, сярод якіх быў Бэрнд Посэльт, зрабілі закід Іржы Машталку, што ягонае выступленьне прагучала як абарона «апошняга дыктатара ў Еўропе».

Еўракамісар Сесілія Мальмстрэм паўтарыла перад дэпутатамі пазіцыю Еўракамісіі, якая ў асноўным зводзіцца да сцвярджэння, што сур’ёзны дыялог Бруселю з беларускім рэжымам можа пачацца толькі пасля вызвалення ўсіх палітычных вязняў у Беларусі і іх рэабілітацыі.

Рэзалюцыя па Бяляцкім і сітуацыі ў Беларусі была прынятая аднадушна.

У дакуменце выказваецца глыбокая заклапочанасць пагаршэннем становішча з правамі чалавека ў Беларусі, “лішнім доказам чаго – арышт кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” А. Бяляцкага", перадае “Інтэрфакс”.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца "палітычна матываваны характар абвінавачанняў супраць яго і яго праваабарончай дзейнасці".

Еўрадэпутаты запатрабавалі неадкладна і без папярэдніх умоваў вызваліць Бяляцкага і зняць выстаўленыя супраць яго абвінавачанні.

Рэзалюцыя патрабуе ад беларускіх уладаў спыніць усе формы пераследу Бяляцкага, сяброў цэнтру "Вясна" і ўсіх праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці.

У рэзалюцыі змяшчаецца заклік рэфармаваць беларускае заканадаўства ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, асабліва ў тым, што тычыцца свабоды арганізацыяў і свабоды слова.

Еўрапарламент заклікаў дзяржавы-сябры ЕЗ абмеркаваць на саміце “Усходняга партнёрства” 28 – 29 верасня ў Варшаве сітуацыю ў Беларусі і падкрэсліў, што ўзаемадзеянне Еўразвязу з Беларуссю павінна быць строга абумоўлена павагай у гэтай краіне да правоў чалавека і вяршэнства закону.

Паводле Радыё Свабода

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства