Па скарзе праваабаронцы супрацоўнікі міліцыі прыцягнутыя да адказнасці
Пра гэта Анатолю Паплаўнаму паведаміў намеснік начальніка Упраўлення ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкама, палкоўнік міліцыі Валерый Лявонаў. З яго адказу на скаргу праваабаронцы выцякае, што праведзена службовая праверка наконт ілжывых сведчанняў супрацоўнікаў міліцыі ў судзе.
“Устаноўлена, што пры складанні ў дачыненні да Вас адміністратыўнага пратаколу ў АУС Цэнтральнага раёна Гомеля дапушчаныя парушэнні адміністратыўна-працэсуальнага заканадаўства, за што вінаватыя службовыя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці”, - цытуе “Гомельская вясна” адказ з абласнога УУС.
Разам з тым Анатолю Паплаўнаму паведамляюць, што “ў ходзе праверкі фактаў, якія паказваюць на ілжэсведчанні ў дачыненні да Вас з боку супрацоўнікаў міліцыі ў судовым паседжанні не ўстаноўлена”.
Праваабаронца рашэнне вышэйшых абласных міліцыянтаў лічыць палавіністым:
- Прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці міліцыянта, які няправільна склаў адміністратыўны пратакол. А вось факт ілжэсведчанняў у судзе з боку супрацоўнікаў міліцыі ўпарта не хочуць прызнаваць. Калі пры новым разглядзе ў дачыненні да мяне адміністратыўнай справы супрацоўнікі міліцыі зноў будуць у судзе нахабна хлусіць, я і далей буду патрабаваць прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці.
Нагадаем, Анатоль Паплаўны адседзеў 15 сутак адміністратыўнага арышту на падставе хлуслівых паказанняў з боку супрацоўнікаў міліцыі. Пасля Гомельскі абласны суд адмяніў пастанову раённага суда і накіраваў справу на новы разгляд.