Amnesty International: Беларусь павінна вызваліць Алеся Бяляцкага
Уплывовая міжнародная праваабарончая
арганізацыя распаўсюдзіла заяву з патрабаваннем да беларускіх уладаў вызваліць вядомага
праваабаронцу, дасудовае зняволенне якога лічыцца палітычна матываваным.
Эксперты Amnesty International нагадваюць, што сітуацыя, у якой апынуўся старшыня Праваабарончага Цэнтра
“Вясна” Алесь Бяляцкі, вынікае з агульнай грамадска-палітычнай сітуацыі ў
краіне, створанай уладамі за апошняе 10-годдзе. У заяве канстатуецца, што “будучы
ліквідаванай уладамі ў 2003 годзе, “Вясна” не магла адкрыць банкаўскі рахунак
ад свайго імя ў Беларусі”.
“Адмаўляючыся зарэгістраваць легітымную НДА, і такім чынам робячы немагчымым іх
адкрытую дзейнасць, кіраўніцтва Беларусі не пакідае такім дзеячам як Алесь
Бяляцкі ніякага выбару, акрамя выкарыстання банкаўскіх рахункаў у суседніх краінах
дзеля фінансавання іхняй працы”, - заяўляе Amnesty International.
“Беларусь мае права караць за ўхіленне ад падаткаў як за злачынства. Але абвінавачванні супраць Алеся Бяляцкага палітычна
матываваныя. Ён вязень сумлення, затрыманы за вядзенне праваабарончай працы, і
павінен быць неадкладна вызвалены”, - адзначае Хэза МакГіл, даследчык Amnesty International
па Беларусі.
У заключэнне адзначаецца, што “арышт Алеся Бяляцкага з'яўляецца часткай
працяглага доўгатэрміновага пераследу грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў, і
сітуацыя пагоршылася з наступам на грамадзянскую супольнасць пасля прэзідэнцкіх
выбараў у снежні 2010 года”.