Мікалай Дзядок возьме шлюб у калоніі
Асуджаны па “справе анархістаў” Мікалай Дзядок і яго нявеста Валерыя Хоціна возмуць сёння шлюб у Магілёўскай папраўчай калоніі № 15, дзе адбывае пакаранне Мікалай.
Па словах паплечнікаў Дзядка, маладзёны прынялі рашэнне не адкладваць з вяселлем. Каардынатар моладзевай ініцыятывы StudAlliance Кірыл Атаманчык паведаміў, што інфармацыі пра перашкоды для вяселля з боку адміністроацыі калоніі не было:
- Мае адбыцца шлюб у калоніі, Мікола Дзядок разам з яго каханай Лерай. Чаму яны так вырашылі, магчыма былі свае абставіны і яны вырашылі не чакаць.
Валерыя спадзяецца, што пасля роспісу кіраўніцтва калоніі ў якасці падарунка дазволіць ім трохдзённае спатканне.
- Сёння, у сераду, 14 верасня, я буду рэгістраваць брак з Міколам Дзядком, гэта ўсё адбудзецца непасрэдна ў калоніі № 15 у Магілёве. Спачатку мне трэба будзе паехаць у ЗАГС, забраць адтуль рэгістратара і мы паедзем у калонію, непасрэдна там нас распішуць, пасля гэтага я спадзяюся нам зробяць падарунак - трохдзённае доўгачасовае спатканне. На рэгістрацыі будзем прысутнічаць, я спадзяюся, толькі мы ўдваіх, вядома, рэгістратар і канвой. Сведкаў не будзе, таму што мы вырашылі не браць бацькоў. Мы паразумеліся і з бацькамі, і паміж сабой, таму што гэта не тая сітуацыя, калі можна было б рабіць нешта такое святочнае. Таму мы вырашылі, каб гэта ўсё хутчэй прайшло.
Аляксандр Дзядок, бацька Мікалая, падтрымлівае ў такім рашэнні свайго сына і яго нявесту, а таксама спадзяецца на яго хутчэйшае вызваленне.
- Наўрад ці хто-небудзь марыць, каб сын ці дачка адзначалі шлюб у турме. Але я адно магу сказаць, я ведаю, што яны любяць адзін аднаго. І на вайне людзі жаніліся і нараджалі дзяцей, і жыццё працягвалася. І ніякія пасадкі ў турму, і ніякія подласці ўлады ў адносінах да нашых дзяцей нічога не памяняюць. Жыццё не спыніш і што б яны не рабілі, спыніць не змогуць.
Мікалай Дзядок быў асуджаны судом Завадскога раёна Мінска на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі. Па словах Валерыі Хоцінай, адміністрацыя калоніі ўжо два разы прымушала Мікалая падпісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся, бо не лічыць сябе вінаватым.