viasna on patreon

Магілёў: Міліцыя ня хоча ахоўваць апазыцыйны мітынг

2011 2011-09-14T11:42:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Упраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму ня хоча падпісваць дамову з арганізатарамі мітынгу, які заплянаваны на 24 верасьня. Акцыю мяркуецца правесьці пад лёзунгамі “Свабоду палітвязьням”, “Рост цэнаў”, “Спыненьне перасьледу ўдзельнікаў акцыяў пратэсту”.

Дамовы зь міліцыяй патрабуе гарвыканкам. Безь яе мітынг ня будзе дазволеным. Міліцыя разам з камунальнікамі, мэдыкамі, паводле патрабаваньняў чыноўнікаў, павінна забясьпечваць парадак на масавых мерапрыемствах.

“У нас не было праблемаў з заключэньнем дамоваў з камунальнікамі й мэдыкамі, а вось міліцыя марудзіць з гэтым. Нам паабяцалі міліцыянты даць адказ да панядзелка, 12 верасьня. У панядзелак мы даведваемся, што адказны за заключэньне дамоваў міліцыянт ідзе ў адпачынак.
Прызначаюць іншага. Я яму тэлефаную й разумею, што ён ня ведае пра што гаворка. Параіў ператэлефанаваць 13 верасьня. Тэлефаную. А ён мне кажа, што патрэбны дазвол гарвыканкаму на правядзеньне мітынгу і тады дамова заключана будзе імгненна. Але гарвыканкам ня дасьць дазволу без дамовы зь міліцыяй. Я яму гэта тлумачу, а ён на сваім. Мы падалі заяўку з двума дамовамі. Зразумела, што ідзе тактыка зацягваньня, каб не дазволіць мітынг”, – кажа адзін з арганізатараў акцыі, актывіст Партыі левых “Справядлівы сьвет” Анатоль Заўялаў.

Ініцыятарамі мітынгу выступае група грамадзян – кіраўнікі і актывісты, арганізацыяў, якія ўваходзяць у Магілёўскую кааліцыю дэмакратычных сілаў. Пад заяўкай на мітынг подпісы паставілі два дзясяткі чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства