Тамара Юневіч: “Вы проста ня можаце ўявіць, якая радасьць з гатэй нагоды ў Івана”
Праваабарончы цэнтр “Вясна” перадаў адзін з вернутых пасьля канфіскацыі 19 сьнежня мінулага году ноўтбукаў у Дрыбін. Новым яго ўладальнікам стаў унук Тамары Юневіч, аўтаркі вядомага адкрытага ліста на імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі “Я хачу дастукацца да вашай душы”. 13 верасьня яго перадалі праз сваякоў у Дрыбін.
64-гадовая пенсіянерка з няпростым лёсам адна гадуе адзінаццацігадовага ўнука Івана. Зразумела, з пенсіі практычна немагчыма сабраць грошай, каб набыць кампутар.
“Вы проста ня можаце ўявіць якая радасьць з гатэй нагоды ў Івана. Збылася ягоная даўняя мара, дзякуй “Вясне” за такі падарунак” – паведаміла па тэлефоне Тамара Іванаўна.
Нагадаем, што 8 верасьня Праваабаронцам з ПЦ “Вясна” следчыя СУПР ГУУС Менгарвыканкама нарэшце вярнулі сканфіскаваныя пад час ператрусу 19 сьнежня 2010 года кампутарную тэхніку, носьбіты памяці, дыскі і касэты, Праваабаронцы вырашылі перадаць тэхніку ў дзіцячыя дамы.