Ці дапаможа суд адстаяць свае правы віцебскаму праваабаронцу?
Атрымаўшы ад чыноўнікаў Чыгуначнага райвыканкаму Віцебску адмову на сваю заяўку аб правядзеньні пікету, праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуўся са скаргай у суд. Пікет з мэтай прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці да праблемаў забесьпячэньня правоў чалавека, што існуюць у краіне, плянавалася зладзіць 22 жніўня. Таксама празь пікет праваабаронца спадзяваўся падзяліцца з жыхарамі гораду інфармацыяй пра арышт кіраўніка праваабарочага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.
Аднак, нягледзячы на тое, што былі выкананыя ўсе фармальнасьці і што пікет мусіў адбыцца на адной з афіцыйна дазволеных уладамі для правядзеньня масавых мерапрыемстваў пляцовак - у парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў, - адміністрацыя Чыгуначнага раёну забараніла акцыю. Сваё рашэньне прадстаўнікі ўлады матывавалі тым, што, на іх думку, перш як падаваць заяўку на пікет, заяўнік мусіў заключыць дамовы з мэдыкамі, камунальнікамі і міліцыянтамі ды аплаціць іхныя паслугі. Пры гэтым у сваім адказе праваабаронцу чыноўнікі спаслаліся на сумна вядомае рашэньне Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 году, на падставе якога цягам апошніх двух гадоў у горадзе забаранілі правядзеньне дзясяткаў мерапрыемстваў, плянаваных актывістамі.
Леанід Сьвецік мяркуе, што сваёй адмовай улады парушылі ягоныя правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі пагадненьнямі, падпісанымі Беларусьсю. У скарзе ў суд ён напісаў: «Лічу, што сваім рашэньнем Адміністрацыя Чыгуначнага раёну г. Віцебску… парушыла мае грамадзянскія і палітычныя правы; а менавіта: права на свабоду публічнага выказваньня думкі, гарантаванае артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, і права на свабоду мірных сходаў, якое дадзена мне артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».
Больш таго, патрабуючы для атрыманьня дазволу на правядзеньне пікету заключыць дамовы з пэўнымі ўстановамі на аказаньне імі платных паслугаў, чыноўнікі парушаюць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў» - упэўнены Леанід Сьвецік. «Гэта абуральна! Чаму мне навязваюць паслугі тых арганізацыяў, якія вызначаныя ўладамі? Чаму я не магу зьвярнуцца ў іншыя ўстановы, што аказваюць такія самыя паслугі, на свой выбар? Чаму, напрыклад, я абавязаны заключаць дамову на абслугоўваньне пікету менавіта зь Віцебскай гарадзкой цэнтральнай паліклінікай, як патрабуе райвыканкам, а ня зь нейкай іншай установай аховы здароўя? Альбо чаму сьмецьце пасьля мерапрыемства павінны прыбіраць супрацоўнікі менавіта “Віцебскай гарадзкой жыльлёва-камунальная гаспадаркі”?» - кажа праваабаронца.
Паводле vitebskspring.org