Някляева зноў будуць судзіць
9 верасьня былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева выклікаюць у суд Ленінскага раёну Менску. "У судовай позьве сказана, што я павінен зьявіцца ў суд для "ўсталяваньня дадатковых абмежаваньняў", — кажа палітык.
"Парушэньні так ці інакш былі. Я выяжджаў у Вільню на сустрэчу
прадстаўнікоў дэмакратычных супольнасьцяў. І мне за гэта было вынесена
папярэджаньне, за тое, што я парушыў умовы. На што я тады сказаў, што
наагул не лічу сабе вінаватым. Я не лічу суд і ўсё, што на ім было,
законным. І таму лічу сябе свабодным чалавекам", — заявіў Някляеў у
інтэрвію "Свабодзе".
"Яны і так мяне абмежавалі ўва ўсім, у чым маглі, але гэтага,
аказваецца, мала. Ня ведаю, чым і як яны зьбіраюцца абмежаваць мяне
дадаткова, але калі гаворка ідзе пра вяртаньне пад хатні арышт, то хай
адразу з самага справядлівага суду вязуць у самую гуманную турму. На
тое, каб у маім доме днём і ноччу гаспадарылі людзі са зброяй, каб пад
вартай знаходзіўся не толькі я, але і мая жонка, я ніколі больш не
пагаджуся", — цытуе Някляева прэсавая служба кампаніі "Гавары праўду".
"Я не прызнаў і не прызнаю сваю віну, я ня зьдзейсьніў ніякага
злачынства, мяне асудзілі незаконна — і гэта дае мне маральнае права
адчуваць сябе свабодным чалавекам. У рэшце рэшт, я магу скарыстацца
гэтым маральным правам для таго, каб не выконваць "усталяваных
абмежаваньняў". Ніякіх, а ня толькі дадатковых", — заявіў Някляеў.
20 траўня Фрунзенскі суд Менску асудзіў былога кандыдата на прэзыдэнта
Ўладзімера Някляева на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай
пакараньня на 2 гады.