Гомельскія праваабаронцы скардзяцца ў пракуратуру, што Бяляцкага адмовіліся выпусьціць пад заруку
Праваабаронцы Гомеля 8 верасьня накіравалі скаргу ў Менскую
гарадзкую пракуратуру. Яны дамагаюцца скасаваньня пастановы ўправы Дэпартамэнту
фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю ў Менску й Менскай
вобласьці, паводле якой нібыта нельга задаволіць хадайніцтвы на вызваленьне
Алеся Бяляцкага з-пад варты пад асабістую заруку.
Адзін з аўтараў скаргі, юрыст Леанід Судаленка, паведаміў, што з Гомельскай
вобласьці ва ўправу Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў было накіравана
звыш 60 асабістых хадайніцтваў, грамадзкіх і палітычных актывістаў. Яны прасілі
вызваліць да суду праваабаронцу Бяляцкага з-за кратаў, гарантуючы, што ён ня
будзе хавацца ад сьледзтва й чыніць яму перашкоды.
Актывісты атрымалі лісты ад сьледчай аддзелу папярэдняга расьсьледаваньня УДФР
Тацьцяны Касынкінай пра тое, што Бяляцкага нельга выпусьціць з-за кратаў. У
пастанове сьледчай, аднак, не раскрываюцца прычыны такога рашэньня, матывы,
чаму праваабаронцу нельга выпусьціць пад асабістую заруку.
У скарзе, накіраванай у Менскую гарадзкую пракуратуру, гомельскія праваабаронцы
заяўляюць, што гатовыя несьці матэрыяльную адказнасьць, калі Алесь Бяляцкі парушыць
правілы зарукі.
Кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага вінавацяць
ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. Бяляцкаму пагражае
да 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.
Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Ён знаходзіцца ў турме на вуліцы Валадарскага.