viasna on patreon

Міліцыя выклікае праваабаронцу «дарабіць пратакол»

2011 2011-09-07T10:14:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

6 верасьня на працу да гомельскага праваабаронцы Анатоля Паплаўнага завітаў маёр Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Ўладзіслаў Шукель. Лякальшчыка Паплаўнага выклікалі на прахадную, дзе маёр уручыў яму позву — зьявіцца 7 верасьня ў аддзел дзеля «дапрацоўкі пратаколу».

3 ліпеня пасьля маўклівай акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» спадара Паплаўнага затрымалі спэцназаўцы, даставілі ў Цэнтральны РАУС, дзе капітан міліцыі Зура склаў на яго пратакол за дробнае хуліганцтва. Праваабаронцу адвезьлі ў ізалятар, а на наступны дзень судзьдзя Цэнтральнага раёну Алена Цалкова пакарала спадара Паплаўнага 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Праваабаронца нібыта брыдка лаяўся пасьля акцыі маўклівага пратэсту, хоць насамрэч ён фатаграфаваў затрыманьні міліцыяй пратэстантаў.

Анатоль адседзеў паўмесяца за кратамі і абскардзіў пастанову на арышт. Абласны суд адмяніў яе, згледзеўшы шматлікія парушэньні працэсуальна-выканаўчага кодэксу. У прыватнасьці, арыгінал адміністрацыйнага пратаколу, які складаў участковы інспэктар, капітан міліцыі Зура, істотна адрозьніваецца ад копіі, выдадзенай на рукі праваабаронцу. На падставе «пустога» пратаколу судзьдзя вынесла максымальна жорсткае пакараньне.

Цяпер міліцыя хоча падправіць пратакол, каб раённы суд нанова разгледзеў адміністрацыйную справу супраць праваабаронцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства