Стэфановіч прыедзе з-за мяжы на судовы працэс
Падатковая інспэкцыя Партызанскага раёну Менску пастанавіла спагнаць зь сябра
праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча 31 мільён 500
тысяч рублёў нібыта ўтоенага падатку. А таксама 6 мільёнаў рублёў пені.
Падаткоўцы накіроўваюць у суд Партызанскага раёну пазоў аб спагнаньні гэтых
грошай у сувязі зь іх няплатай у добраахвотным парадку. Дата пасяджэньня суду
пакуль не прызначаная. Валянцін Стэфановіч заявіў у размове з карэспандэнтам
"Свабоды", што зьбіраецца асабіста прысутнічаць на грамадзянскім
працэсе і рабіць гэта максымальна публічна. Ён заяўляе пра сваю нязгоду з
выстаўленымі прэтэнзіямі Міністэрства па падатках і зборах.
"Я маю намер асабіста прысутнічаць на гэтым судзе і прадставіць доказы таго,
што гэтыя сродкі не зьяўляюцца маім даходам і адпаведна не падлягаюць
падаткаабкладаньню. Бо фонды дасылалі гэтыя грошы на мой асабісты рахунак, яны
ведалі, куды дасылаюць. Бо гэта паводле нашых сумесных пагадненьняў было
зроблена выключна на праваабарончую дзейнасьць. І ў тым ліку для перадачы
трэцім асобам у якасьці дапамогі. Адзін з фондаў, галяндзскае аддзяленьне
"Міжнароднай амністыі", выдаў сродкі на кампанію, зьвязаную з адменай
сьмяротнага пакараньня, то бок на выраб друкаваных матэрыялаў, маек.
Справаздачы па выкарыстаньні гэтых сродкаў былі накіраваныя адпаведна фондам.
Ніякіх прэтэнзій зь іх боку да нас няма. А што тычыцца маіх асабістых даходаў,
то я штогод сплачваў падатак, запаўняў дэклярацыю аб даходах. Таму я лічу, што
гэтыя грошы не павінны падлягаць падаткаабкладаньню, бо гэта ня мой
даход".
Спадар Стэфановіч плянуе прадставіць у судзе адпаведныя доказы ад саміх фондаў.
Цяпер праваабаронца вымушаны знаходзіцца па-за межамі Беларусі, бо чакаецца
шэраг важных сустрэчаў, у тым ліку па справе Алеся Бяляцкага.
"Бо паводле працэдураў, фармальна кажучы, калі ў суд ужо зьвярнуліся з
пазовам, то яны могуць як накласьці арышт на маёмасьць, так і часова абмежаваць
права выезду. А што да маёмасьці, то яе ў мяне няма. У мяне, апроч кватэры, у
якой я жыву са сваёй сям'ёй, больш нічога і няма. Ёсьць старая мэбля, калі
хочуць гэтую мэблю выцягнуць — няхай выцягваюць. Дачаў, кватэраў іншых у мяне
таксама няма".
Спадар Стэфановіч тлумачыць распачаты з боку ўладаў перасьлед палітычнымі
матывамі.
"Запыт, які рабіўся па мне, рабіўся ў лютым адначасова зь Бяляцкім. То бок
гэта, відавочна, рабілася распрацоўка КДБ "Вясны", бо яны ведалі, што
мы аказваем людзям канкрэтную фінансавую дапамогу ў тым ліку. Таму, натуральна,
гэта зьвязана выключна з маёй дзейнасьцю. А ня з тым, што я ўтойваў даходы.
Гэта не мае даходы, я за іх не абавязаны нічога плаціць".
Па справе Алеся Бяляцкага працягваецца допыт сяброў "Вясны" ў якасьці
сьведак. На 6 верасьня выклікана ў дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў праваабаронца
Тацяна Равяка. Што новага ў справе Бяляцкага?
"Нам амаль што нічога не вядома. Зь Бяляцкім кантактуе адвакат. Адвакат ня мае ніякіх перашкодаў для сустрэч з Алесем. Допыты сяброў арганізацыі працягваюцца. Якія там вядуцца яшчэ сьледчыя дзеяньні, якія крокі робяцца з боку сьледзтва, нам ня ўсё вядома. Нам вядома толькі тое, што тычыцца сяброў "Вясны". Або тая інфармацыя, якую дазволена перадаваць праз адваката".