Эўразьвяз не задаволіцца памілаваньнем палітвязьняў
Дзяржавы Эўразьвязу лічаць, што беларускія ўлады павінны не памілаваць асуджаных па справе "19 сьнежня", а рэабілітаваць, заявіла ў інтэрвію агенцтву "Інтэрфакс-Захад" амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Розмары Томас.
Яна нагадала, што "без рэабілітацыі немагчыма рабіць кар'еру, працаваць і г.д.".
Камэнтуючы заяву Аляксандра Лукашэнкі аб дыялёгу з апазыцыяй пры ўдзеле
ЭЗ і Расеі, Р.Томас заўважыла, што афіцыйнага запрашэньня пакуль не
паступіла. Дзяржавы ЭЗ, паводле брытанскага дыплямата, хацелі б пачуць у
часе гэтага дыялёгу "аб фарміраваньні ў Беларусі шматпартыйнай
дэмакратыі". "Калі ЭЗ прыйдзе да высновы, што за гэтай прапановай стаіць
шчыры намер, я ўпэўненая, што ЭЗ захоча ў гэтым праекце удзельнічаць.
Але Эўрапейскі зьвяз зможа разглядаць пытаньне аб удзеле ў круглым стале
толькі тады, калі пытаньне вызваленьня і поўнай рэабілітацыі ўсіх
зьняволеных будзе вырашанае", - падкрэсьліла пасол.
Р. Томас дадала, што «ЭЗ так і не ачуняў ад глыбокага шоку і засмучэньня», якія зазнаў пасьля падзеяў 19 сьнежня ў Беларусі.
Апошнім часам афіцыйныя СМІ выказваюць меркаваньне, што прапануючы
дыялёг з усімі патрыятычна настроенымі сіламі, Лукашэнка зусім ня меў на
ўвазе апазыцыю.