Рада па правах чалавека ААН правядзе дэбаты па Беларусі
Рада па правах чалавека ААН плянуе правесьці дэбаты па Беларусі на 18-й сэсіі ААН у Жэнэве (12-30 верасьня). Праваабарончая арганізацыя Amnesty International падрыхтавала да дэбатаў справаздачу з аглядам сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Праваабарончая арганізацыя Amnesty International адзначае, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі істотна пагоршылася.
Amnesty International заклікае ўлады Беларусі:
Свабода сходаў
• перагледзець Закон аб масавых мерапрыемствах і прывесьці яго ў
адпаведнасьць з патрабаваньнямі Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і
палітычных правох;
• неадкладна і безумоўна вызваліць усіх асобаў, асуджаных за мірны ўдзел
у дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 году, і забясьпечыць, каб усім
затрыманым за мірны ўдзел у гэтай акцыі была гарантаваная ў
адпаведнасьці з палажэньнямі Кодэксу аб адміністрацыйных
правапарушэньнях належная кампэнсацыя;
Свабода аб'яднаньняў
• забясьпечыць, каб арганізацыі грамадзянскай супольнасьці маглі
рэгістравацца і ажыцьцяўляць сваю законную дзейнасьць бяз страху і
пагрозы расправы;
• адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу, які забараняе дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў;
• зьняць усе абвінавачаньні супраць Алеся Бяляцкага, старшыні
праваабарончага цэнтру “Вясна”, і вызваліць яго неадкладна і без усякіх
умоваў;
Катаваньні і іншае жорсткае абыходжаньне
• увесьці ў Крымінальны кодэкс артыкул, які прадугледжваў бы адказнасьць
за катаваньні – у адпаведнасьці з азначэньнем, што зьмяшчаецца ў
Канвэнцыі супраць катаваньняў;
• гарантаваць, каб усе заявы аб катаваньнях і іншых відах жорсткага
абыходжаньня апэратыўна і эфэктыўна расьсьледаваліся, а пацярпелыя былі
абароненыя ад рэпрэсіяў;
Справядлівы судовы разгляд
• перагледзець парадак затрыманьня, каб забясьпечыць удзел судзьдзяў у
прыняцьці першапачатковага рашэньня аб затрыманьні асобы да судовага
разбору;
• забясьпечыць, каб прэзумпцыя невінаватасьці была датрыманая на ўсіх
этапах і каб усякае парушэньне гэтага прынцыпу сродкамі масавай
інфармацыі падлягала санкцыям;
• забясьпечыць, каб юрысты маглі выконваць сваю працу свабодна, без умяшаньня ўладаў;
Сьмяротнае пакараньне
• неадкладна ўвесьці мараторыюм на ўсе кары сьмерцю з мэтаю адмены сьмяротнага пакараньня;
• неадкладна замяніць сьмяротныя прысуды ўсім, хто знаходзіцца ў камэрах сьмяротнікаў, на розныя тэрміны пазбаўленьня волі;
• перад крокамі ў кірунку да поўнай адмены сьмяротнага пакараньня
забясьпечыць ува ўсіх выпадках строгую адпаведнасьць міжнародным
стандартам, у тым ліку гарантаваць, каб сваякі вязьняў, асуджаных на
сьмяротную кару, былі інфармаваныя аб даце выкананьня прысуду і маглі
атрымаць цела вязьня для пахаваньня.