Акцыі ў падтрымку Алеся Бяляцкага ля беларускіх амбасадаў
5 верасня ў розных гарадах Еўропы прайшлі акцыі салідарнасці з арыштаваным старшынём Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім. Акцыі праводзіліся каля амбасадаў Беларусі ў Стакгольме, Маскве, Кіеве, Вільні, Ерэване і іншых гарадах.
У Стакгольме ўдзельнікі пікету трымалі плакаты з надпісамі “Свабоду Алесю Бяляцкаму” па-беларуску і па-шведску. Пасля выступу старшыні арганізацыі Östgruppen Марціна Углы планавалася перадаць ліст з патрабаваннямі вызвалення праваабаронцы амбасадару Беларусі Андрэю Грынкевічу. Аднак, у амбасадзе адмовіліся прыняць ліст, таму яго апусьцілі ў паштовую скрыню дыпламатычнага прадстаўніцтва.
Заяўлены пікет у Маскве не быў узгоднены мясцовымі ўладамі. Таму арганізатары былі вымушаныя правесці серыю аднаасабовых пікетаў, мяняючы адзін адного кожныя 5 хвілінаў. Удзельнікі пікетавання збіралі подпісы пад зваротам да амбасадара Беларусі Васіля Даўгалёва. Праз гадзіну праваабаронца Юрый Джыбладзэ перадаў тэкст звароту з сабранымі подпісамі ў амбасаду Беларусі.
У акцыі ў Ерэване прынялі ўдзел 7 чалавек. Праваабаронца Мікаэл Даніэлян перадаў зварот з патрабаваннем вызвалення Алеся Бяляцкага першаму сакратару беларускай амбасады спадару Гарэлка.
На пікет у Вільні сабралося 9 чалавек, бо менавіта такая лічба ўдзельнікаў дазваляе праводзіць акцыі без узгаднення з уладамі. У акцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі Фонду падтрымкі абароны грамадзянаў, беларускіх арганізацый Літвы, грамадзянскіх актывістаў.