viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Жыву, бунтую, хто зразумее?

2011 2011-09-05T17:42:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bjaljacki-jalta061-1024x840.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі і Сяржук Сыс у Ялце. 1980 год.

Алесь Бяляцкі і Сяржук Сыс у Ялце. 1980 год.

Заўважана, што з узростам у чалавека сапраўдных  сяброў не становіцца болей, хутчэй наадварот. Аднак здараецца, што лёс сутыкае людзей, якія на доўгія гады робяцца сябрамі і аднадумцамі.  Алесь Бяляцкі уварваўся ў маё жыцьцё ў 1979 годзе, каб ад таго часу быць прысутным ня толькі ў самых розных побытавых калізіях, але і ў грамадзянскіх учынках і падзеях. Сёньня, калі праваабаронца Алесь Бяляцкі знаходзіцца пад арыштам за тое, чаго ён не рабіў, я перагортваю стосы лістоў, якія студэнт Алесь дасылаў мне ў Савецкую Армію, а потым, калі й сам патрапіў у войска, пісаў мне адтуль.

І ўзгадаў я нашае студэнцтва і нарэшце зразумеў, што цяперашні Бяляцкі вырастаў яшчэ тады, пад час вучобы ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце.

З Алесем мы ў 1979 годзе патрапілі ў адну  групу на гісторыка-філалагічным факультэце ГДУ, але сыйшліся не адразу. Таму была банальная прычына: першы семестр вучобы Бяляцкі жыў на кватэры, а я адразу акунуўся з галавой у інтэрнатаўскае жыцьцё. Некаторы час  прыглядаліся адзін да аднаго, затым пакрысе пачалі дзяліцца думкамі, першымі сваімі паэтычнымі спробамі. Размовы пра літаратуру выліліся крыху пазьней ў стварэньне на факультэце рукапіснага альманаху.

Пазнаёміўшыся бліжэй  -- пачалі шмат падарожнічаць: спрабавалі пешшу прайсціся па беларускім Палессі, зладзілі паездку да магілы Максіма Багдановіча ў Ялту. Ужо тады мы скептычна ставіліся да многіх грамадска-палітычных рэалій і ў размовах і спрэчках шукалі іншай праўды, праз спасціжэньне культуры і гісторыі адчынялі для сябе невядомую нам Беларусь. 

Зжаўцелая ад часу перапіска з Алесем, лісты датаваныя 1981-82 гадамі…

Некаторыя вытрымкі з лістоў даюць дакладнае ўяўленьне аб тым, чым займаўся студэнт Алесь Бяляцкі, якія праблемы хвалявалі яго на той час і урэшце даюць адказ на галоўнае пытаньне: у чым вытокі яго высокай грамадзянскай свядомасьці і прынцыповасьці, менавіта тых якасьцяў, пра якія сказаў паэт Ніл Гілевіч:

Мы ўзышлi не з насення,
што ветрам занесена,
Мы не дзiкай травы
самарослыя парасткi.
У глыбiнях зямлi,
гераiчнай i песеннай,
Нашых душ каранi —
з вузялкамi ўпартасцi.

“…У самым канцы падарожжа я заехаў у Менск пашукаць аднадумцаў і паглядзець, што там робіцца. І мне зноў пашэнціла! Чуеш, ты, лысы, я не адзін! Ты нават уявіць не можаш, як сур’ёзна там глядзяць на гэтую справу. Я сыйшоўся з хлопцамі з універу БДУ. Вельмі многа цяпер залежыць ад нас. Як прыеду – адразу пачынаю бурную дзейнасць. Гэта справа не на месяц, не на два. Гэта не хоббі. Гэта справа ўсяго жыцця! Пачынаецца адраджэнне! Дзеля гэтага я гатовы на ўсё. Пачынаецца сапраўднае жыццё... І зноў цябе няма побач! Я не ведаю, як пойдуць справы зараз, але ж я вельмі спадзяюся на тваё вяртанне…”

“…Сяджу на жлобінскім вакзале і чакаю цягнік на Вільню… Пачынаецца чарговае падарожжа. Маршрут на 10 дзён такі: Вільня і тое, што каля Вільні (што ўваходзіла ў спрадвечнае бел-літоўскае княства і значыць непасрэдна звязана з нашай гісторыяй), Потым еду – Коўна. Шауляй. Рыга. На адваротнай дарозе заеду ў Менск…

Але Алесь ня толькі шмат падарожнічаў… У тыя гады яго цікавілі самыя разнастайныя пытаньні духоўна-культурніцкага адраджэньня Беларусі, этнаграфія, гісторыя, археалогія, літаратуразнаўства, музыка. Ён – актыўны ўдзельнік літаратурнага гуртка “Крынічка”ГДУ.

“Зараз думаю зноўку аб часопісе, ну вядома ўжо не такім, які мы выпускалі раней. От ад цябе і патрабуюцца вершы. Табе ж з боку лепей відаць, што ты там можаш зрабіць. Так што чакаю тваіх парад…. Твой верш надрукуем у “Леры” (“Лера” – дачка нашага “Руна”). Узровень значна вышэйшы. Вялікае месца займае публіцыстыка. І яшчэ парада – працуй над сваёй мовай, працуй над сэнсам радка!..”

“Прывітанне Сяргей!  Пішу ад муроў старажытнага Мірскага замку, дзе я зараз працую рабочым на раскопках і выкідваю па некалькі тон гаршчкоў, кафлі, фаянсу, кандэлябраў удзень. Замак цудоўны, я быў у казцы. Карацей кажучы, пашэнціла, ня кожны ж умее капаць такі замак як Мірскі. Ды і сам Мір вельмі цікавы па гіст. забудове. Падабраўся цікавы кантынгент хлопцаў-менчукоў. Пасьля працы – лекцыі, дыспуты, размовы багата аб чым.”

“…У нас усё паціху варушыцца. Паступова знаходзяцца людзі. Кожную пятніцу праводзім “вячоркі”, на якіх разбіраем пытаньні аб мастацтве, культуры, літаратуры, гісторыі. Збіраецца чалавек па 30. Рабілі ў інтэрнаце вечар, прысвечаны Максіму Багдановічу. Кажуць, атрымалася няблага. Я, Толік, Эдзік, Скачынскі – новая рок-група на беларускім небе, праўда сола добрага няма. Але ж рэпетыруем.” 

“… За гэты час вельмі багата пазнаў і па гісторыі Беларусі і наогул гісторыя цяпер для мяне – другое хобі (першае наша рок-суполка “Баскі”). Нас, “Баскаў”, высвабадзілі ад “бульбы” і мы другі тыдзень рэпетуем... 

… Мы стварылі спеўна-драматычную майстроўню,  далі нам і кіраўніка з музычнай адукацыяй, і грошай на касцюмы, музычныя прылады). Пачынаем рабіць з гэтага нейкую культурна-асветніцкую школку, каб людзі туды не толькі спяваць прыходзілі, але і нешта з нашай культуры і гісторыі атрымоўвалі.”

Пад час вучобы на гісторыка-філалагічным факультэце Алесь Бяляцкі неўзабаве стаў цэнтрам гомельскага грамадска-культурнага жыцьця, аўтарытэтным натхняльнікам многіх пачынаньняў і ініцыятыў, што пазней у Менску пад час навучаньня ў аспірантуры Акадэміі навук выявілася ў значна шырэйшым аб’ёме. Пры гэтым у яго знаходзіўся час і на вучобу, і на самаадукацыю.

“Узяўся за вывучэнне польскай мовы па-сапраўднаму. Праўда чытаю пакамест толькі адную фантастыку і дэтэктывы. Сесію здаў нармальна і усе экзамены, акрамя рускай літаратуры, здаваў на беларускай мове. Выходзіць нармальна… Калі ты прыедзеш (з войска), табе будзе значна лягчэй чым нам, бо адразу пападзеш у беларускамоўнае асяроддзе. Пішы там хоць як, не забывай на прозу – замалёўвай усё – прыдасца потым, не спадзявайся на памяць.”

Больш за трыццаць год сыйшло, як пісаліся гэтыя лісты, шмат што зьмянілася за пакручасты і непрадказальны адмерак часу нашага знаёмства, аднак нязьменным засталося толькі адно – вера ў свайго сябра і аднадумца Алеся Бяляцкага.

Сяржук Сыс.

На фота: Алесь Бяляцкі і Сяржук Сыс у Ялце. 1980 год.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства