viasna on patreon

Таццяну Равяку выклікаюць на допыт

2011 2011-09-05T13:40:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Дэпартамент фінансавых расследванняў цікавіць, ці супрацоўнічала юрыстка з арыштаваным Алесем Бяляцкім і якое дачыненне мае да Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Допыт Таццяны Равякі мае адбыцца заўтра а 15 гадзіне па беларускім часе, сёння ж праваабаронца мае намер прэвентыўна заключыць пагадненне з адвакатам. Вядомая беларуская юрыстка ўпэўненая: заўтрашні допыт – працяг следчых дзеянняў па справе Алеся Бяляцкага.

- Ляжала позва на 25 жніўня, але 25 я не магла прыйсці, бо я не ведала пра гэта. У пятніцу мне прыйшла яшчэ адна позва, але я патэлефанавала спадарыні Касынкінай і мы дамовіліся на заўтра а 15 гадзіне, так што пайду я. Сёння заключу дамову з адвакатам, так што следчыя дзеянні працягваюцца.

Тым часам самі праваабаронцы на мінулым тыдні перадалі ў Дэпартамент фінансавых расследванняў больш васьмісот хадайніцтваў грамадзянаў аб вызваленні апальнага кіраўніка “Вясны” Алеся Бяляцкага. Па словах Таццяны Равякі, некаторым з паручыцеляў следчыя ўжо нават накіравалі афіцыйны адказ.

- Там больш за 800 перадалі хадайніцтваў, адвакат іх далучыў да матэрыялаў справы, гэта тыя, якія ў нас праз офіс прайшлі. Па-ранейшаму людзі прыносяць хадайніцтвы і па почце дасылаюць. Так што вось гэты працэс працягваецца. Адказы прыходзяць індывідуальна, таму што ў паручальніцтвах кожны піша свой хатні адрас. Яны рэгіструюцца ў ДФР следчай групай і там пішуць адказы асабіста кожнаму паручальніку.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі быў затрыманы Дэпартаментам фінансавых расследванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі 4 жніўня. Бяляцкага абвінавачваюць у нясплаце падаткаў з грошай, накіраваных на дапамогу пацярпелым падчас міліцэйскіх рэпрэсій пасля 19 снежня. Ужо месяц вядомага праваабаронцу ўтрымліваюць у следчым ізалятары ў Мінску.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства