Затрымалі за тое, што пазычыў грошы. Пратакол напісалі па-беларуску
У Гомелі пераапранутыя ў цывільнае супрацоўнікі аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі затрымалі грамадзкага актывіста Васіля Такарэнку.
"На ганку гатэлю "Гомель" мой добры знаёмы пазычыў мне ўчора 250 тысяч
рублёў. Я не пасьпеў яшчэ пакласьці грошы ў кішэню, як падскочылі двое ў
цывільным і забралі мяне ў апорны пункт міліцыі, а пасьля адвезьлі ў
2-е аддзяленьне на вуліцу Фадзеева. Пазычаныя грошы ў мяне забралі.
Добра, што яшчэ пакінулі 1 тысячу на праезд, а то і дадому не было б за
што дабрацца", — распавёў Такарэнка.
На Такарэнку склалі адміністрацыйны пратакол за парушэньне правілаў
правядзеньня валютных апэрацыяў. Прычым склалі на беларускай мове, як і
патрабаваў затрыманы.
Васілю Такарэнку пагражае штраф да дзесяці з паловай мільёнаў рублёў альбо адміністрацыйны арышт.