Без альтэрнатыўнай інфармацыі…
Тэма арышту беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага ўжо доўгі час не пакідае старонкі сусветнай прэсы. Напачатку газеты друкавалі няўпэўненыя прабачэнні літоўскіх чыноўнікаў, якія называлі выдачу рахунка на праваабарончую дзейнасць, які быў зарэгістраваны на імя Алеся Бяляцкага, незразумелай недарэчнасцю.
Пасля гэтая “недарэчнасць” выплыла і ў Польшчы. Некаторыя з датычных да выдачы рахункаў чыноўнікаў, улічваючы маштабы скандалу і маральную ды этычную складаючую падаплёку, паплаціліся нават сваімі пасадамі. А палітыкамі былі зробленыя заявы, што пралікі тых чыноўнікаў аніяк не вяжуцца з прагай нашых суседзяў спрыяць пабудове дэмакратыі і прававога грамадства ў Беларусі.
На жаль, ні Алесю Бяляцкаму, ні яго паплечнікам, ні тым апазіцыянерам, якія адбываюць розныя тэрміны пакарання, і разлічваюць на дапамогу праваабаронцаў, ні іх сем’ям, лягчэй ад гэтага не стала. А беларуская дзеючая апазіцыя атрымала яшчэ большы шок, чым пасля прэзідэнцкіх выбараў мінулага году. А на гэта, хіба, усё і было разлічана.
А вось версіі, чаму гэтыя звесткі патрапілі ў рукі беларускіх уладаў, множацца з кожным днём. У літоўскай газеце Lietuvos žinos, у артыкуле “За галаву дысідэнта – мільённыя інвестыцыі”, аўтар Раса Калінаўскайце аргументуе сваю ўпэўненасць у тым, што сярод адказных літоўскіх асобаў знайшліся такія, якія патрэбную беларускаму боку інфармацыю аддалі не за дарма. І гэтае “не за дарма” не такое і малое.
Ды што там узнагароджванні за пэўныя паслугі. Смех адзін. Увесь свет зараз жыве падобнымі рэчамі. Дастаткова паглядзець, якія замежныя кансультанты працуюць, прыкладам, у расійскім “Газпроме”, каб зразумець, што замежныя ўзнагароды для еўрапейцаў справа не новая, і нават цалкам законная.
Таму грашовая версія нікога не ўразіла асабліва. Больш цікавымі сталі кулуарныя спрэчкі пра тое, на якіх замежных чыноўнікаў ляжыць кампрамат у Крамлі яшчэ з часоў сацыялізму. І што гэтым кампраматам можна купіць або запалохаць кожнага былога будаўніка камунізму, хто так і не патрапіў пад люстрацыю з тых сацыялістычных часоў. Але і гэтая версія мае замежнае адценне, і ані кроплі не цікавіць беларусаў. Ні тых, хто апазіцыя, і ні тых, хто ёй стаць баіцца. І ні ўсіх астатніх.
Прыкладам, беларускае тэлебачанне і афіцыйная прэса еўрапейскія версіі не агучвае. У іх ёсць свая, якую яны і даводзяць да насельніцтва дзесяцімільённай краіны. Але яна настолькі ўжо агульнавядомая, што паўтараць яе няма сэнсу.
Сябры і паплечнікі Алеся Бяляцкага таксама трымаюцца сваёй версіі. Менавіта яе яны і вырашылі данесці беларускаму грамадству. І для гэтага, былі пададзеныя заяўкі на інфармацыйныя пікеты ў каля двух дзесяткаў гарадоў. Паралельна з інфармаваннем суайчыннікаў, вырашана было збіраць подпісы пад хадайніцтвам, каб Алесю Бяляцкаму змянілі меру стрымання з арышту на падпіску аб невыяздзе.
Здавалася б, справа простая. Хай бы людзі паслухалі, за каго яны ставяць подпіс. Што ад іх хаваць? Бо калі нехта нешта хавае ад іншых, то гэтым ужо ўскосна прызнае сваю неправату. А хто робіць справу справядлівую, той хваліцца тым. Ці, калі не хвалько, то моўчкі ганарыцца.
Пікеты забаранілі. Паўсюдна. У малых мястэчках і ў абласных гарадах, у раённых цэнтрах і ў сталіцы. Улады не захацелі, каб сябры і паплечнікі Алеся Бяляцкага расказалі суайчыннікам пра дзейнасць праваабаронцы. Грамадства зноў засталося без альтэрнатыўнай інфармацыі.
Праваабаронцы ўсядно выйшлі да людзей. Сілавікі сустрэлі іх па-рознаму. Дзесьці мерапрыемства прайшло спакойна, як у Гомелі. А дзесьці былі і затрыманні, як у Мінску. Але часткова, сваёй мэты праваабаронцы дасягнулі. Сотні людзей ужо падпісаліся за вызваленне Алеся Бяляцкага. Тысячы даведаліся пра сітуацыю з ім. А некаторыя, у тым ліку і сілавікі, задумаліся пра тое, што як не будзе праваабаронцаў, то хто іх бараніць будзе ў разе чаго.